Дэлегату КР Камісараву забаранілі падыходзіць бліжэй, чым на 100 метраў, да сваёй былой суседкі Пацёмкінай

«Наша Ніва» пісала пра тое, што актывістка і валанцёрка Карына Пацёмкіна абвінаваціла былога добраахвотніка Аляксандра Камісарава ў тым, што ён збіў яе ў кватэры, у якой яны нейкі час жылі разам. Расказваем, што адбылося далей.

23.12.2024 / 21:14

Карына Пацёмкіна і Аляксандр Камісараў. Фота: Facebook Карыны Пацёмкінай, Радыё Свабода

Карына Пацёмкіна расказала «Нашай Ніве», што да Аляксандра прыехала паліцыя, і ён падпісаў забарону набліжацца да яе.

Таксама яму забаронена прыходзіць на працу да жанчыны — туды таксама даслалі паперу:

«Сказалі не баяцца. Калі што, адразу тэлефанаваць у паліцыю. А калі я засялюся ў пастаяннае жыллё, то мне прызначаць следчага па справе.

Мяне адразу папярэдзілі, што да суда справа можа не дайсці, улічваючы ўсе нюансы. Але судзіцца з Аляксандрам мне непрынцыпова. Галоўнае, што ў паліцыі гэты выпадак зафіксаваны.

Каардынацыйная рада ў адказ сабрала нейкую працоўную групу па этыцы і нешта там вырашае. Агулам там адбыўся анекдот — мне знаёмая даслала скрыншот, відаць, з закрытага чата нейкай з фракцый КР. І там ёсць жанчына і ад яе каментар. Там напісана амаль літаральна: «такое ўражанне, што Камісараў біў па галаве Пацёмкіну і крычаў — я член КР». І смайлікі клоўна.

Я ўвогуле выпала ў асадак, як убачыла, што жанчына ў сказе, дзе слова «біў», можа смяяцца. І што вы думаеце? Падключаюся я ў гэту камісію па этыцы, а там гэтая ж жанчына! Я ім кажу: «Вам нармальна, што сярод прысутных чалавек, які дзень таму публічна смяяўся з гэтай сітуацыі»?

Яна ў адказ кажа: «Такога не было». Я кажу: «Не прымушайце мяне спускацца на дно і паказваць гэты скрын». Я хацела проста, каб яна ведала, што яна тое ведае.

Скончылася камісія, і што вы думаеце? Яны абмяркоўвалі, як быць цяпер? Не! Яны абмяркоўвалі тое, хто ж Пацёмкінай адправіў той гаротны скрын.

КР яшчэ прапанаваў нам вочную стаўку — кшталту ягоныя словы супраць маіх. Я ім сказала, што толькі з паліцыяй ці юрыстам. Дый сам Камісараў такога зрабіць не можа па законе. Не ведаю, як ім такое ў галаву прыйшло.

Карацей. Змагацца ў нашым грамадстве з гвалтам — гэта як змагацца з паветранымі млынамі. Большасць людзей проста не разумее што такое «супраць гвалту».

Камісараў, праўда кажучы, малайчына, што ніяк са мной не кантактуе — я яго і так дастаткова спалохалася.

А сама я цяпер больш сканцэнтраваная на ўласным здароўі і ўласных справах».

Гэтую інфармацыю пацвердзіў і Аляксандр Камісараў:

«Да мяне прыязджала паліцыя, далі падпісаць паперу, што да Карыны на 100 метраў нельга падыходзіць. І на гэтым усё, нічога не пыталіся, не было ні допыту, ні апытання.

Сёння мяне выклікалі ў паліцыю. Яны пыталіся пра тое, ці я зразумеў патрабаванні паліцыі — не набліжацца да Карыны, не хадзіць да яе на працу і не кантактаваць з ёй. І ўсё, больш нічога не адбылося».

Беларуска кажа, што ў Польшчы яе збіў былы добраахвотнік і сябар КР Аляксандр Камісараў. Той адмаўляе

Канфлікт паміж двума беларускімі апазіцыянерамі, Сергіевічам і Камісаравым, можа дайсці ў Польшчы да крыміналкі

Чарга з легкавых аўто і аўтобусаў на польскай мяжы знікла

Nashaniva.com