Што цяпер разумней — траціць ці ашчаджаць? Адказвае эканаміст

Даходы растуць, а ўпэўненасці ў заўтрашнім дні няма. Што тады рабіць з грашыма?

27.12.2024 / 18:50

Фота: Andrey Rudakov Bloomberg via Getty Images

Навуковы супрацоўнік цэнтра BEROC Дзмітрый Крук у праграме на DW Беларусь заўважае, што беларусы не бачаць надзейных спосабаў зберажэння сваіх сродкаў:

«Раней, 10-20 гадоў амаль як сінонім успрымалася: зберажэнні раўняецца дэпазіт у замежнай валюце ў банку. Сёння ўсе складнікі гэтай формулы вельмі дрэнна працуюць. Беларускі банк у святле санкцый і ізаляванасці беларускай эканомікі ад нейкага нармальнага асяроддзя не ўспрымаецца як надзейнае прыстанішча для грошай.

Дэпазіт у замежнай валюце (ключавое слова «замежнай») з улікам таго, што стаўкі па замежнай валюце сёння штучна вельмі моцна заніжаныя, не бачыцца надзейным спосабам зберажэння. (…)

Усё тое, што дадае ў скарбонку няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, у нашым выпадку спрацоўвае на карысць большага спажывання сёння».

На думку Крука, у сённяшняй эканамічнай сітуацыі спажывецкі аптымізм выглядае дастаткова разумным.

«Спажывецкі аптымізм бярэцца не на пустым месцы. З аднаго боку, ён бярэцца з-за таго, што няма інструментаў зберажэння, якія задавальняюць людзей.

Другая вельмі важная рэч, якую трэба прызнаць як факт, — вельмі сур'ёзны рост даходаў. Калі спалучыць два гэтыя інгрэдыенты разам, то якая ў галаве шмат якіх людзей карціна?

«Што будзе заўтра — незразумела, невядома. Сёння даходы ёсць. Перанесці іх у заўтрашні дзень не факт, што атрымаецца».

Якія высновы з гэтай формулы? Атрымліваць ад сённяшняга дня тое, што можна атрымаць. І шмат хто з беларусаў так і робіць. На мой погляд, гэта шмат у чым рацыянальныя паводзіны».

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі

Што будзе з заробкамі ў 2025-м? І ці адключаць ютуб? Адказвае Чалы

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Nashaniva.com