Выйшаў альбом духоўных твораў Міколы Куліковіча

Пра размяшчэнне альбому духоўных твораў Міколы Куліковіча ад Concordia Choir на ютубе паведаміла мастацкая кіраўніца хору Галіна Казіміроўская на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

28.12.2024 / 18:29

«У хуткім часе альбом з’явіцца на ўсіх музычных анлайн пляцоўках! 

Вялікі дзякуй усім, хто нам дапамагаў і падтрымліваў, гэты альбом — вялікая сумесная праца! <…>

Для мяне гэты альбом цалкам цуд! Большасць твораў у новых рэдакцыях гучыць упершыню! Музычнае золата з беларускай скарбніцы Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London. Ноты, якія былі напісаныя Куліковічам у 1950-1960-х гадах, якія ад 1971 года знаходзіліся ў скрынях Скарынаўкі, ператварыліся ў гукі!

Музыка павінна гучаць! Пасля больш чым 50 год гэтыя скрыні загучалі!!! Я веру ў космас і сувязі часоў, веру, што павага да нашай гісторыі і культурнай спадчыны — ключ да нашай будучыні і сэнсаў! 

Знайдзіце час, паслухайце творы вялікага беларускага кампазітара МІколы Куліковіча!», — піша Галіна Казіміроўская.

Мікола Шчаглоў-Куліковіч (1893—1969) — беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі. Выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, перад Другой сусветнай вайной ён жыў у Мінску, быў адным з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжорам яго сімфанічнага аркестра, з 1939 — дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта, музычны рэдактар Беларускага радыё.

Падчас нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Мінску, у 1943 годзе выдаў «Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песняў». З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, з 1950-га — у ЗША (у Чыкага). У 1950 годзе заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага.

Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опер, сімфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.

Кіраўніца «Вольнага хору»: Адзін з пунктаў для рэпетыцый быў побач з будынкам КДБ

«Я як Аліса — патрапіла ў краіну цудаў». Стваральніца «Вольнага хору» расказала, якія музычныя скарбы знайшла ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане

«Замест «Лукашэнку ў аўтазак!» заспяваць «Магутны Божа». Кіраўніца «Вольнага хору» расказала пра допыты, «Калінку-малінку» і нацыянальную ідэю

Nashaniva.com