Шахматыста Магнуса Карлсэна дыскваліфікавалі на чэмпіянаце свету за вернасць джынсам
На чэмпіянаце свету па хуткіх шахматах у Нью-Ёрку разгарэўся скандал: былы чэмпіён свету, нарвежскі шахматыст Магнус Карлсэн быў дыскваліфікаваны за парушэнне дрэс-кода. На другі дзень турніру, 27 снежня, ён прыйшоў у джынсах, што забаронена правіламі Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE), піша Bild.
28.12.2024 / 18:52
Пасля папярэджання і штрафу ў 200 еўра Карлсэн адмовіўся пераапрануцца, і гэта прывяло да ягонага выключэння з турніру.
«Спадар Магнус Карлсэн парушыў дрэс-код, гэта катэгарычна забаронена дзейнымі правіламі правядзення гэтага мерапрыемства», — падкрэсліваецца ў афіцыйнай заяве FIDE.
Згодна з правіламі, мужчынам падчас турніру забаронена насіць джынсы, спартыўны абутак, кепкі і сонцаахоўныя акуляры. Карлсэн жа заявіў, што планаваў памяняць вопратку на наступны дзень, але патрабаванні зрабіць гэта неадкладна палічыў несправядлівымі.
«Я сказаў, што памяняю вопратку заўтра. Арганізатары заявілі, што гэта павінна адбыцца цяпер. Для мяне гэта пытанне прынцыпу — і вось мы тут. Я занадта стары, каб турбавацца пра гэта. Калі яны хочуць дыскваліфікацыі, я пайду куды-небудзь», — сказаў ён.
На момант выключэння Карлсэн ужо адставаў ад лідараў на паўтара ачка і меў мала шанцаў абараніць свой тытул. Экс-чэмпіён свету таксама адмовіўся ад удзелу ў чэмпіянаце свету па бліцы.
Інцыдэнт выклікаў параўнанні з расійскім шахматыстам Янам Няпомняшчым, які некалі таксама парушыў дрэс-код, з'явіўшыся на турніры ў красоўках. Аднак ён пагадзіўся адразу ж памяняць абутак і працягнуў удзел у чэмпіянаце свету.
18-гадовы беларус Дзяніс Лазавік перамог Магнуса Карлсэна на чэмпіянаце свету па рапідзе
Чэмпіёнам свету па шахматах стаў 18-гадовы гросмайстар з Індыі