У інтэрнэце разляцеўся фэйк пра атручэнне ў Маскве сірыйскага дыктатара Башара Асада

Руку да яго прыклаў той жа «інсайдар», які паведамляў пра труп Пуціна ў халадзільніку.

02.01.2025 / 21:16

Башар Асад. Фота: SANA FILE via AP

31 снежня канспіралагічны тэлеграм-канал «Генерал СВР» (яго вядзе расійскі палітолаг Валерый Салавей) напісаў, што на былога прэзідэнта Сірыі Башара Асада нібыта здзейснілі замах.

«Днём у нядзелю Асад паскардзіўся ахове на недамаганне і праблемы з дыханнем і папрасіў выклікаць медыцынскую дапамогу. Практычна адразу пасля просьбы ў яго пачаўся моцны кашаль, ён пачаў задыхацца. Асаду далі вады і гэта дапамагло трохі аслабіць прыступ, але нармальнае дыханне ўсё роўна не аднавілася, да гэтага дадаліся галаўны боль і болі ў жываце. Да моманту прыбыцця медыкаў стан былога сірыйскага прэзідэнта пагаршаўся».

«Пакуль медыкі аказвалі Асаду першую дапамогу, паступіла распараджэнне — па меры магчымасці лячыць у хатніх умовах і не змяшчаць «пацыента» ў лячэбныя ўстановы. Пасля аказання першай дапамогі да медыкаў прыбыло «падмацаванне» і ў апартаментах Асада абсталявалі лячэбную палату», — напісаў канал.

Згадвалася, што аналізы Асада нібыта паказалі наяўнасць у яго арганізме слядоў уздзеяння атрутным рэчывам. 

Гэты фэйк падхапіў брытанскі таблоід The Sun, а пасля і некаторыя іншыя медыя.

Скрыншот навіны пра «атручванне Асада» на сайце таблоіда The Sun

Нагадаем, раней «Генерал СВР» расказваў неверагодную гісторыю пра смерць Пуціна. Ён паведамляў, што кіраўнік Расіі памёр і яго цела ляжыць у халадзільніку.

Пасля Валерый Салавей сказаў, што так спрабаваў «даць акно магчымасцяў расійскай апазіцыі для перамен і напіраць на факт нелегітымнасці выбараў двайніка ў сакавіку 2024 года».

Жонка Башара Асада знаходзіцца ў крытычным стане з-за лейкозу. Лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50

Новы лідар Сірыі расказаў, якім будзе лад у краіне, калі пройдуць выбары і якія будуць адносіны з Расіяй

Башар Асад упершыню пракаментаваў сваю адстаўку

Nashaniva.com