У Мінску мужчына так увайшоў у ролю міліцыянера, што пабіў двух чалавек малатком

Жыхара Мінска будуць судзіць за тое, што збіў малатком незнаёмых людзей, паведамілі «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру Фрунзенскага раёна.

07.01.2025 / 20:18

Фота ілюстрацыйнае

П'яны 38-гадовы мінчук вяртаўся з падпрацоўкі. Па дарозе мужчына заўважыў двух незнаёмых яму людзей 26 і 36 гадоў, у якіх спачатку папрасіў закурыць, а затым завёў размову.

У пэўны момант мужчына дастаў малаток і пачаў расказваць суразмоўцам, як ім можна абараняцца. Пасля ж загадаў знаёмым стаць на калені і завесці рукі за галаву.

Калі адзін з мужчын выставіў рукі наперад, гэта моцна раззлавала мінчука. Ён пачаў біць яго малатком, нанёсшы не менш за сем удараў. Пасля гэтага ён загадаў мужчынам нахіліцца да лаўкі і зноў ударыў пацярпелага, разбіўшы яму галаву і запатрабаваўшы аддаць тэлефон. Збіты мужчына змог збегчы, але вярнуўся за заплечнікам, які пакінуў на лаўцы.

Тым часам другі новы знаёмы працягваў кантактаваць з агрэсарам, які працягваў прыкідвацца супрацоўнікам міліцыі і нават рабіў выгляд, што гаворыць з палкоўнікам па ўяўнай рацыі. Скончылася тым, што ён ударыў малатком і другога мужчыну.

Урэшце п'яны «міліцыянер» патэлефанаваў на нумар 102 і паведаміў, што затрымаў «закладчыка». Што адбылося на самай справе, высветлілі са сведчанняў пацярпелых.

У дачыненні да нападніка завялі крымінальную справу. Ён прызнаў сваю віну, але не памятаў усіх дэталяў, бо быў моцна п'яны. Удары ж наносіў не вельмі моцна, таму сур'ёзных траўмаў мужчыны не атрымалі.

Паводле інфармацыі пракуратуры, гэты мужчына мае за плячыма ўжо сем крымінальных спраў.

У Гомелі трое пенсіянераў пабіліся з-за купюры ў 5 рублёў

Мінчанка дагала распранулася ў краме — яе чакае суд

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу

Nashaniva.com