Лукашэнка паблажліва выказаўся пра мігрантаў з Усходу. Прапагандысты адразу працытавалі, а пасля схамянуліся
16.01.2025 / 19:57
Падчас наведвання 16 студзеня Мінскага гарадскога тэхнапарка Лукашэнка сярод іншага ўжо не першы раз гаварыў пра тое, што праблему дэфіцыту працоўных кадраў варта вырашаць за кошт мігрантаў. Аднак не да ўсіх з іх стаўленне аднолькавае.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor Getty Images
Паводле слоў Лукашэнкі, мігрантаў запрашаць можна і трэба, але яны мусяць быць кваліфікаванымі спецыялістамі:
«Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей, запрашай. Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць», — запатрабаваў Лукашэнка.
Гэтае выказванне даслоўна працытавала БелТА, і адтуль яно пайшло шырыцца далей. Але пасля, відаць, прапагандысты ці самі датумкалі, ці ім зрабілі заўвагу зверху, што ў такім выглядзе яно выглядае вельмі некарэктна ў дачыненні да асобных народаў, таму цытату падкарэктавалі, выкінуўшы іх пералік.
«Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць», — так цяпер выглядае падкарэктаваная цытата.
На сайце Лукашэнкі ягонае выказванне па гэтай праблеме таксама цалкам не цытуецца, а пры апісанні сітуацыі замест пераліку нацыянальнасцяў гаворка ідзе пра безаблічных «замежных грамадзян».
Варта адзначыць, што з аўтарытарнымі ўладамі большасці дзяржаў, з якіх паходзяць пералічаныя народы, у Лукашэнкі ёсць ці прынамсі былі добрыя палітычныя адносіны, і пры асабістых сустрэчах ні сам Лукашэнка, ні ягоныя чыноўнікі не скупяцца на ўсялякія кампліменты ў дачыненні да гэтых народаў.