Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова
Ад таго, што перамножыць два лікі з дакумента КДК, сапраўдная колькасць насельніцтва Беларусі не атрымліваецца.
Перад Новым годам па многіх беларускіх СМІ разляцеўся дакумент пра колькасць спажыўцоў вады, якім «Белпол» падзяліўся з «Позіркам».
«У цяперашні час у рэспубліцы паслуга водазабеспячэння прадастаўляецца 8,6 мільёна чалавек. Забяспечанасць спажыўцоў водазабеспячэннем пітной якасці па рэспубліцы дасягнула парадку 98%», — гаворыцца ў лісце Дзяржкантроля на адрас урада.
Якія высновы зрабілі з гэтага тэксту? Шмат хто вырашыў, што 8,6 мільёна чалавек, якія карыстаюцца водазабеспячэннем — гэта 98% насельніцтва. А значыць, можна падлічыць і насельніцтва цалкам. Няхітрай аперацыяй на калькулятары атрымліваем 8,78 мільёна чалавек. Але гэта няправільная інтэрпрэтацыя, бо згаданыя два лікі ніяк не звязаныя між сабой.
Давайце разбірацца.
1) Што такое «забяспечанасць спажыўцоў водазабеспячэннем пітной якасці»?
У Беларусі зараз рэалізуецца чарговая дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021—2025 гады». Замяняюцца старыя ліфты, рэканструююцца дзіцячыя пляцоўкі, устанаўліваюцца кантэйнеры для макулатуры і пластыку. Кожны год чыноўнікі даюць справаздачу, на колькі працэнтаў выкананы план.
Вада пітной якасці — гэта адзін з паказчыкаў. Спачатку забяспечылі якаснай вадой буйныя гарады, цяпер даходзяць да драбнейшых населеных пунктаў.
Там будуюцца сотні станцый абезжалезвання, прабіваюцца новыя свідравіны. Мэта — каб якаснай пітной вадой быў забяспечаны кожны беларус, усе 100%.
Напрыклад, у 2019 годзе забяспечанасць пітной вадой складала 93,1%. Па стане на 2023 год — 98,1%.
Лічба ў цытаваным дакуменце — «парадку 98%» — кажа менавіта пра гэты паказчык. Гэта не значыць, што ў астатніх 2% беларусаў няма ніякай вады. Яна ёсць, проста горшай якасці за кошт павышанага ўтрымання жалеза ці іншых мікраэлементаў.
2) Што значыць «паслуга водазабеспячэння даецца 8,6 мільёна чалавек»?
Вось тут насамрэч разабрацца складаней.
У рамках той самай праграмы «Камфортнае жыллё…» публікуецца безліч падобнай статыстыкі, але ўсё ж з трошкі іншымі фармулёўкамі.
Адзін з асноўных — «насельніцтва, якое мае доступ да водазабеспячэння». Паводле інфармацыі з сайта Белстата, па стане на кожны з гадоў з 2019 па 2023 яго мела 9,1 мільёна беларусаў. (Прычым удакладняецца, што ў 2023-м доступ да водазабеспячэння быў у 99,3% насельніцтва).
А цяпер замест 9,1 мільёна чалавек стала 8,6 мільёна? Нерэальна, каб менавіта за апошні год колькасць насельніцтва так абвалілася. Значыць, усё ж гэта іншы паказчык.
Усе, каму ваду пастаўляюць ЖКГ, павінны заключыць дамовы. Можа, у дакуменце Дзяржкантролю гаворка ідзе менавіта пра іх? Але не, па стане на 2021 год было заключана 2,9 мільёна дамоваў на паслугі па водазабеспячэнні. Яно і лагічна — дакумент падпісвае ўласнік кватэры, а не кожны з жыльцоў.
Якія яшчэ могуць быць варыянты?
Можа, разгадка ў слове «паслуга»? Паводле дакумента, 8,4 мільёна беларусаў карыстаюцца паслугамі арганізацый ЖКГ, 0,2 мільёна чалавек — паслугамі арганізацый іншых сфер. Тады атрымліваецца, што яшчэ 0,5 мільёна чалавек жывуць з калодзежамі і ўласнымі свідравінамі, таму ім не аказваецца ніякая паслуга?
Гэта толькі гіпотэза, якая не можа быць пацверджаная, бо такой адкрытай статыстыкі няма. Дый свідравіны, выкарыстоўваемыя для ўласных патрэбаў, рэгістраваць не трэба. Таму іх колькасць не можа быць падлічаная.
Але нават калі разглядаць гіпотэзу, што насельніцтва скарацілася з 9,1 мільёна да 8,6 мільёна чалавек (ці 8,8 мільёна) за кошт масавага ад’езду беларусаў (а гэта рэальна), то як пра гэта даведаліся б менавіта арганізацыі ЖКГ?
Калі чалавек прадае кватэру ці дом і разрывае дамову з вадаканалам, то новы гаспадар падпісвае новую дамову, таму колькасць абанентаў застаецца такой самай. Калі раней у кватэры жылі чатыры чалавекі, але трое з’ехалі ў Польшчу, сістэма ЖКГ пра гэта напрамую не даведаецца. Стаў меншы расход вады? Так, але якую канкрэтную выснову з гэтага можна зрабіць? Што з’ехала трое? Ці, можа, двое?
Дарэчы, аб’ём пітной вады, які паставілі прадпрыемствы водазабеспячэння ў апошнія гады, не паменшаў. У 2023 годзе гэта 451 мільён кубаметраў, у 2018 і 2019 — па 449 мільёнаў кубаметраў.
Што яшчэ варта разумець? Усе падлікі наконт колькасці беларусаў з доступам да вады, якая гуляе па ўсіх статыстычных зборніках, — гэта толькі прыкладная ацэнка Белстата паводле ўскосных звестак. Падлічыць дакладна, хто і якую ваду п’е, немагчыма.
Прычым методыка ацэнкі можа быць розная. Напрыклад, толькі ў гэтым годзе Маскоўскі і Фрунзенскі раёны Мінска перавядуць на артэзіянскія крыніцы. Раней жыхары пілі ваду з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, і яна моцна адрознівалася ад таго, што цякло ў кранах у іншых частках сталіцы. Аднак паводле справаздач чыноўнікаў, з 2016 года і Маскоўскі, і Фрунзенскі раён атрымліваюць якасную пітную ваду. Як так? Бо методыка ацэнкі вады менавіта такая.
Якія высновы можна зрабіць?
1) Уся дзяржаўная статыстыка па-ранейшаму абапіраецца на тое, што колькасць насельніцтва Беларусі складае больш за 9,15 мільёна чалавек па стане на 1 студзеня 2024 года (на пачатак кіравання Лукашэнкі беларусаў было 10,3 мільёна). Для ўнутранай справаздачнасці могуць выкарыстоўвацца свяжэйшыя штоквартальныя падлікі (яны цяпер не публікуюцца, але па-ранейшаму падлічваюцца), але ў любым разе лічба не будзе істотна адрознівацца. З улікам некантраляванай мяжы з Расіяй беларускія дзяржаўныя структуры не маюць магчымасці падлічыць тых, хто з’ехаў з краіны. Таму колькасць насельніцтва ўяўляе сабой тую лічбу, якая была запісана паводле перапісу-2019 (наколькі яна рэалістычная — іншае пытанне), з якой выкрэсліваюцца памерлыя беларусы і дадаюцца мігранты і народжаныя беларусы.
2) Рэальнае насельніцтва Беларусі значна меншае за кошт хвалі міграцыі пасля 2020 года. Ёсць розныя ацэнкі — у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС казалі, што за 2021—2022 з’ехала больш за 200 тысяч чалавек, у канцы 2023 года намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасць тых, з’ехаў, у 350 тысяч чалавек. Аднак дакладных актуальных падлікаў няма.
3) Ліст Дзяржкантролю нічога не кажа пра тое, што ў Беларусі жыве 8,8 мільёна чалавек. Там гаворыцца, што «паслуга водазабеспячэння даецца 8,6 мільёна чалавек». Што хаваецца за такой метадалогіяй падліку, незразумела. Адсачыць гэты паказчык у дынаміцы пакуль не ўдаецца.
Каментары