Назіраючы, як мужна родны урад змагаецца з крызісам, гэтак і хочацца параўнаць сітуацыю з вайсковымі дзеяннямі. Фельетон Лёліка Ушкіна.
Назіраючы, як мужна родны урад змагаецца з крызісам, гэтак і хочацца параўнаць сітуацыю з вайсковымі дзеяннямі.
Ішоў прыблізна другі месяц гераічнай абароны беларускай стабільнасці.
Крызіс зноў падняўся ў атаку.
І бывае такое: менавіта ў гэты момант у камандзіра скончыліся крэдыты.
— Крэдыты! — зароў камандзір. — Падносьце хутчэй крэдыты!
Адказны за падачу крэдытаў баец маўчаў.
Афіцэр зразумеў: хлопец сышоў у добраахвотны адпачынак за свой кошт. Эх‑х… Толькі і паспеў ён накрэмзаць на сцяне: «Прашу пасмяротна лічыць мяне сябрам грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
Давялося камандзіру падносіць крэдыты самому. Іх было не шмат — рэшткі расійскай пазыкі, якую ўзялі месяц таму. Ледзь хапіла, каб адбіць націск праціўніка. Крызіс адпоўз, агрызнуўшыся на развітанне: «Мы вам яшчэ пакажам дэвальвацыю і складзіраванне гатовай прадукцыі». Камандзір выцер з твару пот і сажу і скіраваўся ў штабную зямлянку.
— Значыцца так… — пачаў ён паседжанне штабу. У гэты момант нешта бабахнула і гупнулася вобзем так, што са столі пасыпаліся паказчыкі эканамічнага росту.
— Наш рубель абваліўся яшчэ на тры пункты, — пракаментаваў нехта.
— Да сценкі панікёра, — кіўнуў камбату камандзір. Той ахвотна выканаў загад.
— Значыцца так, — працягнуў камандзір, — сыходзячы з найгоршага сцэнару, прапаную аперацыю пад кодавай назвай «Паседжанне ураду ў пытаннях глабальнага фінансавага крызісу». Наша дыслакацыя наступная: у прызначаны час я буду сядзець за сталом тут, палкоўнік С‑кі тут, а старшы прапаршчык К‑оў тут, у кутку. Пасля я зраблю афіцыйную заяву аб тым, што ніякі крызіс нам не пагражае. Пакуль крызіс будзе падымаць з падлогі сваю сківіцу, палкоўнік С‑кі паспее выпаўзці з краіны і прынесці крэдыты ад МВФ. Усё зразумела?
— Класны план, — пагадзіўся штаб.
— Тады ўсе па месцах, — камандзір узняўся. — Сігнал аперацыі — тры чырвоныя ракеты.
У гэты момант нешта бабахнула і гупнулася вобзем так, што са столі пасыпалася афіцыйная статыстыка па беспрацоўі.
— Зайчык знаходзіцца ў стадыі плаўнай дэвальвацыі, — пракаментаваў яфрэйтар П‑ч.
Камандзір загадаў выдаць яму сто франтавых.
Салдаты распаўзаліся па пазіцыях у той час, калі з радыёдынамікаў з таго боку лініі фронту пачуліся агітацыйныя заклікі.
Мегафонны голас манатонна заклікаў: «Беларускія чыноўнікі, ваша сітуацыя дрэнны. Мы ёсць прапанаваць вам ганаровы капітуляцыя. Вы мусіш золен вызнаць, што беларуская гаспадарка — швах справы… Паўтараем. Беларускія чыноўнікі, ваша…»
Беларускія чыноўнікі рэагавалі на гэта бадзёрым смехам і круцілі з свежай Саўбелкі самакруткі.
Каментары