Усяго патроху66

Адпачынак у Румыніі — гэта абзац

Аўтабан сканчаецца тупіком, каля ног паўсюдныя бадзяжныя сабакі, эмоцыі цераз край… Вы ж хацелі прыгод!

Аўтабан сканчаецца тупіком, каля ног паўсюдныя бадзяжныя сабакі, эмоцыі цераз край… Вы ж хацелі прыгод!

Кантыненты трэба мераць самалётамі, краіны — машынамі, а гарады — нагамі. Праз шкло машыны ты не ўбачыш усю краіну і не зразумееш яе да канца, але будзеш мець асабістае ўяўленне аб ёй, часта адрознае ад таго, што прапануюць тэлебачанне і газеты.

Румынія майго падарожжа не падобная на тое, што я ведала пра яе раней. Праехаўшы праз усю Румынію, я не ўбачыла ніводнай цыганскай кібіткі. Затое бачыла п’янага цыгана, якога жонка вяла пад ручкі дадому. Гумавыя боты, хустка і муж, які адначасова сварыцца і спявае, быццам у нашай вёсцы… І толькі ў рэстаране гатэля у адзін з вечароў — цыганскія яркія сукенкі, спевы і танцы. Выступаў фальклорны калектыў. Румынскія цыганы — такая ж казка, як мядзведзі, што хо¬дзяць па Маскве.

Што кідаецца у вочы — гэта тэмпы будаўніцтва і развіцця краіны. За тры гады, што прайшлі між першым і другім маімі падарожжамі туды, пустыя тэрыторыі ўздоўж узбярэжжа запоўніліся гатэлямі і турыстамі. Цэнтральныя вуліцы гарадоў радуюць вока кветнікамі, адрамантаванымі фасадамі і чысцінёй.

Аднак варта звярнуць з цэнтральных вуліц, і вам адкрыецца другая Румынія… Асабліва ў гэтым сэнсе ўражвае Бухарэст.

Бухарэст

Мы прыехалі ў другой палове дня. Машыну прыпаркавалі, як толькі заехалі ў горад. Вырашылі падарожнічаць грамадскім транспартам. Зайшлі ў бліжэйшую кнігарню купіць карту горада. Вітаемся па‑румынску: «Бона зіва». Спрабуем на пальцах растлумачыць, што нам трэба. Прадавец прапануе: «Гаварыце па‑расійску». Працаваў па кантракце ва Украіне, там і навучыўся. Мужчына распытваў пра жыццё ў Беларусі, жаліўся, што ў іх з жонкай малыя зарплаты. У яго — 250 еўра, у жонкі — 500. Новы знаёмы алоўкам на карце пазначыў цікавыя аб’екты, растлумачыў, як даехаць да цэнтра, паказаў найбліжэйшы гатэль. Вялікі яму «мульцымеск» (дзякуй па‑румынску).

Бухарэст — прыязны горад. Жыхары стараюцца дапамагчы і выглядаюць крыху здзіўленымі. Відаць, замежныя турысты не частыя ў іх госці. А вось турыстычнымі аўтобусамі з самой Румыніі запоўненая ўся паркоўка ля цэнтральнай плошчы.

Вуліца Каля Вікторый, дзе знаходзяцца галоўныя турыстычныя аб’екты, спакойная, транспарту мала. Гуляеш, глядзіш пампезныя будынкі. Сыходзіш з адшліфаванай турыстычнай зоны ў завулак і… Перакапаная вуліца без грама асфальту.Каб па ёй рухацца, абапал зробленыя насцілы з дошак на слупах шырынёй метр. Пасярод вуліцы перыядычна з’яўляюцца дашчаныя падмосткі з адкрытымі кавярнямі.

Элітныя крамы‑салоны чаргуюцца з напаўразбуранымі дамамі‑звалкамі. А ў летніх «кавярнях на дошках» поўна добра апранутага народу. Гламур па‑румынску. Ідзем далей. Вузкі праход ва ўнутраны дворык — і быццам трапляем у старую Румынію. Трохпавярховы дом з праламаным дахам, расчыненыя вокны, з якіх у двор цягнуцца вяроўкі з бялізнай. Вокны напалову забітыя фанерай. З‑пад дома цячэ брудная вада, і худыя каты рыюцца на сметніку… Можа, апошні раз бачылі мы такі непрычасаны Бухарэст. Гледзячы на тое, як хутка аднаўляецца і адбудоўваецца цэнтр.

Асабліва радуе, што дамы не зносяць, іх проста рамантуюць, захоўваюць фасады, паднаўляюць ляпніну.

Аўтабан сканчаецца тупіком

Раніцай накіроўваемся ў бок мора. Можна ехаць праз Урзічэні старой дарогай, а можна новай аўтастрадай. Турыста‑аўтамабіліста цягне на аўтастраду, і гэта будзе памылкай.

Даехаць да яе праблема з‑за блытаніны з указальнікамі, ды кальцавая дарога, па якой прыйдзецца ехаць да аўтастрады, нічога падобнага да мінскай кальцавой не мае. Ваенна‑грузінская дарога Бухарэста. А калі вы ўжо шчаслівы будзеце ляцець па аўтабане, праз сто кіламетраў ваша шчасце скончыцца разам з аўтабанам. Тупік. Усе з’язджаюць на вузенькую дарогу. Як толькі залезеце ў гэту аўтамабільную кашу, кальцавая горада Бухарэста падасца вам шыкоўнай. Гэта Румынія. Галоўнае не злавацца. Вы хацелі прыгод? Вы іх атрымалі.

А яшчэ Румынія — гэта краіна «свяшчэнных» сабак. Яны тут паўсюль: бегаюць каля ног на запраўках, зазіраюць у вочы ў прыдарожных кавярнях. Іх застылыя трупікі ляжаць на ўзбочынах. У невялікіх гарадках можна назіраць карціну: камунальнікі сабралі ў купу лісце, галлё, смецце, а зверху прыціснулі сабачым трупікам. Спачатку гэта выклікае шок, пасля прывыкаеш. Уздоўж дарог шмат прыватных дамоў. Гаспадары трымаюць сабак. Вось і вынік.

Пляжны алімп

Пераадолеўшы дарогу, апынаемся ў курортнай зоне. Спачатку на пяць дзён спыняемся у гатэлі курорта Алімп. Пражыўшы пару дзён, зразумелі, што харчавацца лепш у гатэлі. Кавярні ў курортнай зоне дарагія. А вось гатэлямі курорт не перагружаны. Пляжы свабодныя. У гатэлі на рэцэпцыі маладыя румынскія дзяўчаты, крыху фанабэрыстыя. Паводзіны папахваюць сацыялізмам. Гатэлі дзяржаўныя. На работу, відаць, бяруць па знаёмстве.

Самі ж гатэлі выглядаюць прыстойна. Дзяржава зацікаўленая зарабляць на турызме.

Тут жа, на курорце, знаходзіцца гразелячэбніца. Па ўзбярэжжы прадаюцца бутэлькі з лячэбнай граззю. Людзі абмазваюцца гэтым чорным элексірам з галавы да ног. Сярод бледнатварых турыстаў трапляюцца гэтакія афрыканцы, толькі вочы блішчаць і белазубыя ўсмешкі. Ужо будуць здаровенькія.

На другі дзень нашага прыезду, заўважыўшы машыну з беларускімі нумарамі, падышоў малады чалавек: «Вы з Мінска? Я — таксама! Дванаццаты дзень мучаюся. Жонка прыгаварыла на чатырнаццаць дзён». Пазайздросціў, што мы на колах і можам паездзіць па розных месцах. Так і здарылася. Праз пяць дзён мы пераехалі.

Лядоўні для тэмпераментных

Мястэчка называецца Эйфарыя‑норд. Тут жыццё віруе. Адпачываюць у асноўным румыны. Усё дэмакратычна, можна зняць нумар у дарагім гатэлі, а можна і сціплы пакой. У пашане вілы: прыватныя дамы з дзесяткам нумароў, якія гаспадары здаюць у арэнду. Мы выбралі гэты варыянт. Можна пажыць сярод румынаў, паназіраць. У пакоі стандартны набор выгод: санвузел, балкон, тэлевізар. А дзе ж лядоўня? Аказваецца, у прасторным холе каля пакоя. Там жа стаіць некалькі сталоў. Румыны вечарамі любяць выходзіць у хол. Складаецца сумесная вячэра, і тут усё пад рукой: сталы і лядоўні з выпіўкай і закускай. А ты ляжыш у ложку, пазіраеш на дзверы і чакаеш, калі яны ўгаманяцца.

Тэмпераменту ў румынаў значна больш, чым у беларусаў. Мы ўпэўніліся ў гэтым, калі на наступны дзень убачылі , што любімая статуэтка нашай гаспадыні, умураваная ў слуп каля лесвіцы, вырвана з коранем. А гаспадыня з сумнымі вачыма пыталася, ці шмат беларусаў адпачывае ў гарадку.

Украіна з некалькіх вёсак

У адзін са звычайных пляжных дзён мы заўважылі, што за намі назірае румынская сямейная пара. Памахаўшы нам ручкай, мужчына падышоў бліжэй, каб даведацца, адкуль мы прыехалі, і радасна паведаміў, што ў яго ёсць friend з Украіны Аляксандр. Мы зразумелі, што гэты Аляксандр сёння прыйдзе на пляж. І вось да нас набліжаецца сямейная пара. Мужчына з чорнымі валасамі і гарбатым арліным носам. Няўжо гэта Аляксандр? Жанчына светлавалосая, невысокага росту, з кірпатым носікам, цалкам можа быць украінкаю. Так яно і апынулася. Не Аляксандр, а Аляксандра. Яна падсела да нас. Калі мы спыталі, з якога ўкраінскага места яна прыехала, то былі шакаваны адказам:

— З Краснадарскага краю.

— Дык гэта ж Расія?!

— Цяпер, можа, і Расія. А калі нашы продкі яшчэ за першым царом адтуль уцякалі, то была Украіна.

Продкі Аляксандры ўжо трыста гадоў жывуць у Румыніі ў сваім краснадарска‑ўкраінскім асяроддзі, якое складаецца з некалькіх вёсак. Людзі захоўваюць мову, традыцыі, жэняцца толькі між сваімі. Святары не даюць кроку ўбок ступіць, каб не здрадзіць веры. І толькі апошнім часам моладзь пачала пратэставаць. Самой Аляксандры ўдалося выйсці замуж за румына, якога пакахала. Бацькі не ўпіраліся, бо хацелі дачцэ шчасця. З царкоўнымі прыйшлося пазмагацца. Яна хацела ісці замуж у сучаснай вясельнай сукенцы, а не ў старадаўніх строях. Бацькі плакалі, казалі, што поп забараняе белую вясельную сукенку… Аляксандра актыўная, эмацыйная, падобная на ўкраінскую жанчыну. Проста здзіўляешся, як у дыяспары трыста гадоў могуць захоўвацца адметныя нацыянальныя рысы?

Дні адпачынку праляцелі хутка. Настрой быў добры. І нават калі ўвечары з нашай лядоўні скралі пару бутэлек піва, мужа гэта не раззлавала. Падазрэнне ўпала на мужа гаспадыні, бо на наступны дзень ён быў падкрэслена ветлівы і махаў нам ручкай.

Нашымі паводзінамі гаспадыня засталася цалкам задаволеная, нават не прыйшла правяраць нумар. Проста сказала пакінуць ключы на стале.

На досвітку мы пакінулі гасцінную вілу гарадка Эйфарыя‑норд. Дарагія румыны, з вамі было цікава. Усяго вам найлепшага. Па дарозе ў Беларусь мы накупілі ў мясцовых сялян дынь і кавуноў. Каштуюць капейкі і маюць добры смак.

Каментары6

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»24

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»24

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →