Хроніка
На сходах
27 чэрвеня ў Івацэвічах былі затрыманы шэсьць удзельнікаў сходу па выбарах дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў. Затрыманаму карэспандэнту «Газеты для вас» Сяргею Скулаўцу, зь ягоных словаў, супрацоўнікі Берасьцейскага КДБ прапанавалі заплаціць штраф у 60 базавых велічынь альбо даць згоду на супрацоўніцтва.
У Бабруйску 23 ліпеня міліцыянты, супрацоўнікі МНС і людзі ў цывільным спрабавалі сарваць сход па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў. Яны ўварваліся ў дом сябра ПБНФ ды склалі пратакол на гаспадара за арганізацыю несанкцыянаванага сходу.
Актывістцы АГП Людміле Краснасельскай з Калінкавіч пасьля сходу сталі прыходзіць позвы, каб яна зьявілася на гутарку да намесьніка начальніка райаддзелу міліцыі Краснова.
Ціск на палякаў
Старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс 21 ліпеня ў 18.30 міліцыянт хацеў даставіць у Ленінскую раённую пракуратуру Горадні. Яна адмовілася ехаць туды — скончыўся працоўны дзень. Пасьля гэтага прадстаўнік пракуратуры прыехаў сам: ён афіцыйна папярэдзіў Борыс, каб яна не замінала склікаць Галоўнае праўленьне СПБ у старым складзе (выбраным на пазамінулым зьезьдзе арганізацыі), каб яно склікала паўторны VI зьезд Саюзу.
Гарадзенская друкарня 21 ліпеня адмовілася друкаваць нумар газэты «Głos znad Niemna», які выдаюць прыхільнікі экс-старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага. Прычына — запазычанасьць.
МЗС 21 ліпеня вырашыў спыніць дзейнасьць Эўрапейскага фонду «Дыялёг», зарэгістраванага ў Варшаве, абвінаваціўшы яго ў шпіёнскай дзейнасьці. Паведамленьне пра гэта было агучана ў тэлепраграме «Панарама».
Папярэджаньне газэце
Мінінфармацыі вынесла 15 ліпеня папярэджаньне рэдакцыі недзяржаўнай газэты «Витебский курьер М». Выданьню закідаюць, што яно не прайшло перарэгістрацыі ў сувязі зь зьменамі ў назьве, а таксама няправільна падае інфармацыю ў выходных зьвестках.
Сарваны летнік
Летнік для студэнтаў-юрыстаў, арганізаваны Інавацыйным фондам прававых тэхналёгіяў (Беларусь) і заплянаваны на 19—28 ліпеня ў намётавым гарадку беларуска-нямецкага цэнтру «Надзея», не адбыўся. Кіраўніцтва цэнтру спаслалася на «антысанітарыю».
У свабодных прафсаюзах
Старшыню суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзя Быкава 19 ліпеня хацелі абшукаць пры ўваходзе на Менскі завод аўтаматычных ліній: адміністрацыя пільнавала, каб прафсаюзны актывіст не пранёс газэты «Салідарнасць». Быкаў не пагадзіўся, але й на завод ня трапіў.
Суполка прафсаюзу РЭП на Магілеўскім аўтамабільным заводзе 20 ліпеня атрымала чарговую адмову ў рэгістрацыі.
Статкевіч перад адпраўкай
У Міколы Статкевіча 20 ліпеня ў раённым аддзеле міліцыі забралі пашпарт, вайсковы білет і зьнялі адбіткі пальцаў — перад адпраўкай на «хімію». Паводле некаторых крыніц, яго й Паўла Севярынца маюць адправіць адбываць пакараньне ў вёсках.
Маёмасьць апісалі паўторна
Майно галоўнага рэдактара газэты «Прессбол» Уладзімера Беражкова 19 ліпеня апісалі паўторна. Першы раз апісвалі 11 сакавіка згодна з рашэньнем суду паводле пазову міністра фінансаў, старшыні фэдэрацыі гімнастыкі Мікалая Корбута.
Да Марыніча не пусьцілі
Паслам Чэхіі й Славакіі ў Беларусі 19 ліпеня не дазволілі сустрэцца з палітвязьнем Міхаілам Марынічам. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімер Коўчур заявіў, што галоўная прычына адмовы — адсутнасьць у Марыніча чэскага або славацкага грамадзянства. Самога палітыка 21 ліпеня перавялі з турэмнага шпіталю ў калёнію.
«Зуброўцы» ў Магілёве
У Магілёве 20 ліпеня затрымалі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Валадара Цурпанава і Максіма Дварэцкага: яны раздавалі мінакам незарэгістраваную газэту «Выбар». На іх склалі пратаколы за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак, а на Цурпанава — яшчэ й за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.
Лябедзькавы надгледзіны
19 ліпеня пры паездцы ў Вільню аўтамабіль Анатоля Лябедзькі надглядалі двойчы. Перш чым прапусьціць кіраўніка АГП, памежнікі атрымлівалі дазвол зь Менску.
Да 11-годзьдзя
У Менску падчас акцыі, прымеркаванай да 11-годзьдзя Лукашэнкавай інаўгурацыі, актывісты «Зубра» правялі несанкцыянаваную акцыю ў падтрымку палітвязьняў. Амапаўцы затрымалі Ільлю Богдана, Яна Давідовіча, Дар’ю Барабась, Уладзіслава Несьцера, Алену Капач, Натальлю і Аляксандра Ўшкоў, Аляксандра Курбацкага (на двух апошніх склалі пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцый).
У той самы дзень у Віцебску на Кіраўскім мосьце актывісты «Зубра» вывесілі расьцяжку «Свабоду палітвязьням». Затрымалі Вадзіма Даранкіна, які фатаграфаваў акцыю. З пастарунку яго адпусьцілі толькі пасьля таго, як засьвяцілі стужку.
Напад нацболаў на ТБМ
Уначы з 23 на 24 ліпеня ўваходныя дзьверы й шыльда на менскай сядзібе ТБМ былі залітыя чорнай фарбай і заклееныя нацыянал-бальшавіцкімі ўлёткамі. Прадстаўнікі арганізацыі падалі заяву ва ўправу міліцыі Партызанскага раёну Менску.
Суды «Народнай волі»
Калегія ў грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду не задаволіла 25 ліпеня касацыйных скаргаў рэдакцыі газэты «Народная воля» на рашэньне суду Ленінскага раёну. Паводле іх газэта мусіць заплаціць штраф Сяргею Гайдукевічу й тром жыхарам Клецку.
Завадзкая ў пракуратуры
25 ліпеня Сьвятлану Завадзкую выклікалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску: сьледчы цікавіўся падзеямі 7 ліпеня — падчас разгону акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей».
Скрабец пад вартай
Да 27 жніўня Сяргею Скрабцу падоўжаны тэрмін утрыманьня пад вартай.
АШ