БЕЛ Ł РУС

Навіны сьцісла

26.08.2005 / 13:00

Nashaniva.com

«Кур’ер з Барысава» ліквідуюць

Судзьдзя гаспадарчага суду Менскай вобласьці Тамара Бенчык 24 жніўня пастанавіла ліквідаваць ТДА «Прэс-сэрвіс», што займалася выданьнем газэты «Курьер из Борисова». Аблвыканкам угледзіў парушэньне ў рэгістрацыі выданьня: пры перарэгістрацыі ў 2002 г. і рэарганізацыі ЗАТ «Прэс-сэрвіс» у ТДА не былі ўнесены неабходныя зьвесткі ў статут. Суд загадаў ліквідаваць ТДА да 1 студзеня 2006 г. і прызначыў ліквідацыйную камісію на чале з начальнікам упраўленьня па ідэалёгіі аблвыканкаму. Рэдактар газэты Анатоль Удавічэнка мяркуе, што гэта замова мясцовай улады.

Затрыманьне Кабца

У сераду ў раёне сталічнага парку Горкага быў затрыманы каардынатар незарэгістраванага руху «Зубр» Уладзімер Кобец, а таксама двое грамадзян Грузіі, адзін зь іх — Георгі Кандэлакі, супрацоўнік адміністрацыі М.Саакашвілі. Хлопцаў затрымалі літаральна празь некалькі сэкундаў, пасьля таго як яны выйшлі з маршрутнага таксі 80-га маршруту. Затрыманьне праводзілі людзі ў цывільным. Адзін зь іх заявіў, што яны выконваюць «распараджэньне начальства». Затрыманых адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, празь некалькі гадзін У.Кабца адпусьцілі.

Крукоўскага звольнілі

Гендырэктар РУП «Белтэлекам» Мікалай Крукоўскі вызвалены ад займанай пасады. Прычыны ў загадзе міністра сувязі й інфарматызацыі Ўладзімера Ганчарэнкі ня ўказваюцца. Паводле Агенцтва фінансавых навін, навіна аб звальненьні Крукоўскага стала нечаканасьцю для белтэлекамаўцаў. З пачатку лета гэта чацьвертая сур’ёзная кадравая перастаноўка ў сфэры тэлефонных тэхналёгій. Так, са згоды прэзыдэнта былі праведзеныя замены гендырэктараў усіх трох апэратараў мабільнай сувязі: «Белсэл», «МТС» і «МЛС».

Новая сыстэма адцісканьняў ад падлогі

Беларускія вайскоўцы будуць удасканальваць фізычную падрыхтоўку, зазначаюць у Мінабароны. Вайскоўцы асвойваюць 40 новых фізычных практыкаваньняў. Пакуль гэта робіцца ў парадку экспэрымэнту, па выніках якога будуць выпрацаваныя адпаведныя інструкцыі — па тры для кожнага роду войск, а таксама спэцыяльныя практыкаваньні для жанчын, афіцэраў векам за 45 год, штабістаў. Большасьць практыкаваньняў выконваюцца без нарматываў і маюць ваенна-прыкладную скіраванасьць. Удасканаленьне сыстэмы фізпадрыхтоўкі ў войску выклікана зьменай патрабаваньняў да вядзеньня баявых дзеяньняў.

АГ, Сяргей Будкін, afn.by, interfax.by, pahonia.promedia.by

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула