З усёй краіны
Экспарт чмялёў у Расею
Беларускіх чмялёў з агракамбінату «Ждановічы» будуць экспартаваць у Расею. На сёньня «Ждановічы» забясьпечваюць чмялямі ўсе цяплічныя гаспадаркі Беларусі. Гэтых кузурак выкарыстоўваюць для апыленьня, што павышае ўраджайнасьць.
Паводле «Інтэрфаксу»
Паквапіліся на мацу
У Аршанскі ГУУС зьвярнуўся рабін Воршы (ураджэнец і грамадзянін Ізраілю) з заявай, што з гаражу, які арэндуе мясцовая габрэйская грамада, невядомыя скралі 120 бутэлек вінаграднага напою, восем скрыняў з мацой, а таксама розную бытавую тэхніку, посуд ды іншае. Злачынцаў пакуль шукаюць. Аршанская габрэйская грамада налічвае звыш 300 чалавек, збольшага сталага веку. Дзясяткі зь іх дармова харчуюцца за кошт ахвяраваньняў з Ізраілю.
Радыяактыўныя трубы
Некалькі тон радыяактыўных труб вывезена з Воршы на могільнік ядзерных адкідаў. Дзесяць гадоў таму яны былі затрыманы на мяжы як кантрабанда ды апынуліся ў адным з хлявоў мясцовага РУУС у цэнтры гораду. Нават пасьля таго, як іх вывезьлі адсюль, радыяцыя ў хляве сягала пад 800 мікрарэнтген у гадзіну (прыродны ўзровень радыяактыўнага фону для Воршы 8—17 мкр/г). Такое доўгае небясьпечнае суседзтва не прайшло дарма. Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў, ім часта балела галава, марыў сон. Дый сабакі, што гадаваліся кінолягамі ў тым жа хляве, доўга не жылі. А літаральна празь сьцяну знаходзіцца дзіцячы сад з пляцоўкай для гульняў.
Кіраўніцтва РУУС вырашыла здаць тыя трубы на мэталалом. Але на вагах «Другчармэту» меліся дазымэтры… Для таго, каб вывезьці трубы з Воршы, быў створаны штаб з супрацоўнікаў МНС, міліцыі, праматамнагляду. Цяпер на тэрыторыі, дзе знаходзіліся гэтыя злашчасныя трубы, праводзіцца дэзактывацыя.
Яўген Жарнасек, Ворша
Лягерны парадак
Пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненьні да 23-гадовага міліцыянта, супрацоўніка Савецкага РУУС Менску. Яго вінавацяць у тым, што падчас работы ў дзіцячым лягеры «Купалінка» (Валожынскі раён) ён перадаў дзьве гумовыя дубінкі 17-гадовым юнакам, якія зьбівалі імі 10—11-гадовых дзяцей, а таксама раіў, як гэта лепей рабіць.
Паводле «Рэгіянальнай газеты»