Навіны сьцісла
Сурвілла наведае Брусэль
На наступным тыдні кіраўніцтва БНР — старшыня Рады Івонка Сурвілла і ейны намесьнік Сяргей Навумчык — наведаюць Брусэль. Мэта візыту — перамовы з эўракамісарамі і эўрадэпутатамі ў справе беларускамоўнага радыёвяшчаньня з Эўропы.
Збліжэньне Ўкраіны й Беларусі
У найбліжэйшыя тыдні Менск з афіцыйным візытам наведае прэм’ер-міністар Украіны Юры Еханураў. Дамова пра гэта была дасягнута падчас візыту ў Кіеў кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава. Пасьля візыту ўкраінскага прэм’ера мяркуецца сустрэча А.Лукашэнкі зь Віктарам Юшчанкам на мяжы або ў Чарнобылі. Аб’ём гандлю з Украінай расьце, сёлета ён складзе паўтара мільярда даляраў.
Украіна адмовілася ад крытыкі Беларусі ў сфэры правоў чалавека, бо мае намер стаць пасярэднікам у беларуска-польскім канфлікце.
Добра жыць у Жлобіне
Паводле зьвестак Мінстату, сярэдні заробак на прамысловых прадпрыемствах склаў «бруднымі» 528 тыс. Найбольшы заробак — на прадпрыемствах чорнай мэталюргіі — 1 млн 107 тыс. рублёў і ў хімічнай прамысловасьці — 757 тыс. Чыгуначнікі атрымліваюць, паводле афіцыйнай статыстыкі, 637 тыс. Сярэдні заробак у сфэры АПК — 309 тыс., у работнікаў культуры — 381 тыс.
Хата Чэслава Немэна
30 верасьня ў польскім Вроцлаве ў Галерэі калегіюму Ўсходняй Еўропы пройдзе аўкцыён працаў вядомых мастакоў з Украіны, Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Кітаю, ЗША ды іншых краінаў. Выручаныя сродкі пойдуць на куплю й рамонт хаты ў Старых Васілішках Шчучынскага раёну, дзе нарадзіўся і рос легендарны сьпявак і кампазытар Чэслаў Немэн.
Эўрастадыён у Віцебску
Віцебскі цэнтральны спарткомплекс (былы стадыён «Дынама») атрымаў прызнаньне Саюзу эўрапейскай футбольнай асацыяцыі (УЭФА). На спартовай арэне абласнога цэнтру цяпер можна праводзіць матчы эўракубкаў. Справа за малым — каб віцебскі «Лякаматыў» заваяваў мэдалі беларускага чэмпіянату. Міжнародным стандартам адпавядаюць таксама стадыёны ў сталіцы, Гомелі, Барысаве.
Сырныя дні злодзеяў
У Чылі невядомыя нахабным чынам скралі чатыры тоны сыру. Налёт быў учынены ўдзень у горадзе Касаблянка. Выкрадальнікі ўварваліся на тэрыторыю малочнага заводу і, пагражаючы зброяй, прымусілі рабочых пагрузіць у аўтамабіль 350 скрыняў з сырам, а таксама частку абсталяваньня, пасьля чаго далі дзёру.
АР; football.by, naviny.by, pahonia.promedia.by