БЕЛ Ł РУС

Мальцаў: Ну ніхто ж не патрабуе, каб хлусілі

5.12.2012 / 11:4

Мікола Бугай; цыт. БелТА

Лукашэнкаўцы па-ранейшаму бачаць СМІ як арэну процістаяння. Гэта ў чарговы раз прагаварыў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў на рэспубліканскім семінары для прэс-службаў дзяржорганаў і рэгіянальных прадстаўнікоў.

Гаворка вялася ў духу «мы і яны», «пройгрышу і выйгрышу», нібы гаварыў не чыноўнік дзяржавы, а начальнік піяр-аддзелабізнэс-карпарацыі ці палітычнай партыі.

«Мяне заўсёды што больш за ўсё абурае — ну ніхто ж не патрабуе ні ад кога, каб хлусілі. Праўду кажыце», — загадваў Леанід Мальцаў. Акрамя таго, дзяржсакратар заявіў: «Дзесьці там нейкі чыноўнік нешта перабаршчыў, то гэта трэба паказаць, што гэта чыноўнік, што гэта не адпавядае Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, што гэта не адпавядае палітыцы дзяржавы і гэтак далей. Не, пачынаюць усё гэта маскіраваць, і тут жа ўсякія „хартыі“ і „партызаны“ паказваюць: вось, глядзіце, якія яны».

«Нам няма чаго саромецца, няма чаго хавацца. Усё роўна, што там дрэннае адбылося.
Трэба падымаць за вушка і на сонейка тых, хто вінаваты. Вось і ўсе справы. У нас няма дзяржаўнай палітыкі утойвання, хавання і гэтак далей. Дык чаго ж мы не працуем?»

«Пасіўнасць у інфармацыйным супрацьстаянні вядзе да пройгрышу на медыйнай прасторы», — падкрэсліў Леанід Мальцаў.

«Трэба сумленна прызнаць, што нашы дзяржорганы, і не толькі ў інтэрнэце, што ні здарылася, заўсёды адстаюць. Няма аператыўнасці. Няма такога хуткага — здарылася і далі інфармацыю. Вось апошні выпадак з міліцыянтамі. Збілі ці не збілі (вартаўніка мінскай аўтастаянкі. — НН). МУС тыдзень маўчала, а потым пачало апраўдвацца. Ну што там — незразумела. Нешта здарылася — дайце сваю ацэнку», — адзначыў Мальцаў.

Паводле яго словаў, далёка не ўсе прэс-сакратары разумеюць, як працаваць з інтэрнэтам, як абыходзіцца з Твітарам.
«Сайт свой павесіў і забыўся пра яго. Думае, што нехта будзе на гэты сайт хадзіць. Каму ты патрэбен са сваім сайтам? Трэба працаваць кожны дзень. Трэба разумець, што робіцца ў гэтай інфармацыйнай прасторы, трэба рэагаваць на ўсё гэта. Даваць інфармацыю і гэтак далей. Можна на пальцах адной рукі пералічыць сайты, якія рэагуюць», — сказаў дзяржсакратар. Ён дадаў, што інтэрнэт — гэта інструмент, з якім трэба ўмець працаваць.

Варта адзначыць, што інтэрнэт-сайты дзяржаўных СМІ саступаюць у папулярнасці незалежным парталам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула