Чалавекам года ў Літве названа 15-гадовая плыўчыха
Алімпійская чэмпіёнка і чэмпіёнка свету,15-гадовая Рута Мейлуцітэ, лідзіравала на арганізаваных трэці раз парталам Delfi і часопісам Valstybė выбарах Чалавека года. Такі тытул ёй прысвоіла большасць чытачоў партала.
Рута Мейлуцітэ са сваёй бабуляй Альдонай.
Сваё меркаванне на выбарах Чалавека года выказалі 44 103 чытачы. За Мейлуцітэ прагаласавалі 51% (24 479 галасоў). На другім месцы — прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце (5918 галасоў, на трэцім — еўрапарламентар Вітаўтас Ландсбергіс (4 311).
Мейлуцітэ намінаваная на выбарах Чалавека года «За самую вялікую нечаканасць і падставу ганарыцца Літвой».15-гадовая спартсменка ў гэтым годзе здзівіла вынікамі ўвесь свет.
Літоўка перамагла на Лонданскай алімпіядзе ў спаборніцтвах на 100 м брасам і стала алімпійскай чэмпіёнкай. Пару тыдняў таму ў Стамбуле (Турцыя) на чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе (у басейне 25 м) яна заваявала тры медалі — два залатыя і адзін сярэбраны.