БЕЛ Ł РУС

Дэпард’ё і дачка Карымава праспявалі дуэтам — відэа

8.01.2013 / 11:26

Старэйшая дачка прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава і вядомы акцёр Жэрар Дэпард’ё запісалі сумесны трэк. Гульнара Карымава сама сачыніла вершы да песні «Неба маўчыць».

Лірычная кампазіцыя ў выкананні аўтара слоў Гюльнары Карымавай разбаўлена французскім маналогам Дэпард'ё, які на днях стаў шчаслівым уладальнікам расійскага пашпарта. Новае тварэнне старэйшай дачкі ўзбекскага лідара і мэтра французскага кінематографа абляцела ўсе мясцовыя радыёстанцыі.

На радзіме і за мяжой Гульнара Карымава вядомая ў якасці поп-выканаўцы пад сцэнічным псеўданімам GooGoosha. Акрамя Дэпард’ё 40-гадовая прэзідэнцкая дачка ўжо паспела праспяваць з іспанскім прыгажуном Хуліа Іглесіясам і каталонскай опернай дзівай Монтсэрат Кабалье.

Адзначым, што раней Гульнара напісала сцэнар для фільма з Жэрарам Дэпард’ё. Ужо вядома, што акцёр даў папярэднюю згоду на здымкі ва ўзбекскай карціне. Гаворка ідзе пра гістарычны серыял, падзеі якога разгортваюцца ў Сярэдняй Азіі ў V–VI стагоддзях. Французскаму акцёру адведзена невялікая роля манаха з Еўропы.

Гульнара Карымава патрануе фонд «Форум культуры і мастацтва Узбекістана», які ў прыватнасці падтрымлівае айчынны кінематограф.
Старэйшая дачка прэзідэнта Узбекістана захапляецца ёгай, здаровым харчаваннем, яна таксама піша вершы, выпускае ювелірныя вырабы, касметыку і вопратку пад сваім брэндам «Guli».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула