БЕЛ Ł РУС

Як беларусы могуць скарыстаць Tax free для замежнікаў?

19.01.2013 / 09:54

ЯМ

Дастаткова з’ездзіць з «Гарызонтам» праз мяжу і назад.

З пачатку года ў Беларусі запрацавала сістэма Tax free — вяртання падатку замежнікам, якія набылі тавар у беларускай краме. Патрэбныя ўмовы — сума куплі павінна перавышаць 800 тысяч рублёў. Замежнік афармляе ў краме спецыяльныя паперы, якія, разам з нераспакаваным таварам, трэба будзе паказаць на мяжы. Пасля гэтага можна вярнуць пэўны працэнт ад сумы куплі (каля 12%).

Такая эканомія дасягаецца за кошт таго, што замежнікі вызваляюцца ад сплаты падатку на даданую вартасць, які складае ў Беларусі 20%.
Частку гэтай сумы забірае сабе кампанія-аператар. Па падобных правілах сістэма Tax free існуе ў большасці еўрапейскіх краін.

Праўда, пакуль што схема працуе толькі на паперы. Па-першае, дагэтуль не абраная кампанія, якая будзе абслугоўваць замежнікаў і вяртаць ім грошы за пэўную камісію. Па-другое, беларускія крамы не атрымалі патрэбнай дакументацыі. Замежнікі, якія набудуць тавару на патрэбную суму, не змогуць атрымаць пацверджанне гэтага.

Сістэма распаўсюджваецца на грамадзянаў усіх краін, апроч Расіі, Казахстана і Беларусі. Аднак ці могуць нашы суайчыннікі атрымаць ад яе карысць? Так, калі маюць знаёмых жыхароў у суседніх краінах — Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі.
Тады купля, напрыклад, тэлевізара «Гарызонт», афармляецца на замежніка, які на мяжы вяртае каля 12% ад цаны. Пасля гэтага тэлевізар вяртаецца ў Беларусь. Калі яго вага не перавышае 35 кг, увезці яго можна бязмытава. Схема можа быць выгаднай жыхарам прымежных населеных пунктаў — Брэста, Пінска, Гродна, Ашмянаў.

***

З 1 студзеня года Літва вяртае Tax Free ў тым ліку і за набытыя прадукты, калі вы купляеце прысмакаў на суму больш за 200 літаў (гэта каля 650 тысяч). Алкаголь і тытунь пад гэтыя правілы не падпадаюць. У Польшчы вяртаць грошы за прадукты і алкаголь можна было ўжо даўно.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула