БЕЛ Ł РУС

Google абвінавачваюць у маніпуляцыях з пошукавымі запытамі

11.01.2013 / 11:18

Еўрасаюз збіраецца прымусіць Google змяніць паказ вынікаў пошукавых запытаў.

У выпадку адмовы амерыканскай кампаніі падпарадкавацца патрабаванням Брусэля супраць яе можа быць выстаўленае фармальнае абвінавачанне ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства.

Еўракамісар па канкурэнцыі Хаакін Альмунія паведаміў, што ён збіраецца запатрабаваць ад Google змяніць паказ вынікаў пошуку, бо кампанія перанакіроўвае карыстальнікаў на ўласныя сэрвісы, што скажае карыстальніцкія запыты і зніжае канкурэнцыю.

«Мы ўсё яшчэ даследуем гэтае пытанне, але на маю думку, Google перанакіроўвае трафік. Яны манетызуюць свой пошук і выкарыстоўваюць даміноўнае становішча на рынку для атрымання звышпрыбыткаў», — сказаў Альмунія.

Расследаванне Еўрасаюзам дзейнасці Google і механізмаў стварэння штучнага спрыяння ўласным сэрвісам на шкоду канкурэнтам доўжыцца ўжо два гады. Пры гэтым еўрачыноўнік падкрэсліў, што Брусэль не цікавіцца пошукавымі алгарытмамі Google, якія ёсць камерцыйнай таямніцай і строга ахоўваюцца, еўрапейскія ўлады цікавяцца толькі тым, як «кампанія ўяўляе і прасоўвае вынікі пошуку».

Прадстаўнік Google Эл Верні паведаміў, што яго кампанія працягвае супрацоўнічаць з Еўракамісіяй.

Адзначым, што ў Еўропе доля Google у сегменце інтэрнэт-пошуку дасягае 90%. Х. Альмунія пацвердзіў, што ЕС у межах асобнага расследавання спрабуе выявіць парушэнні ў сістэме Android, створанай спецыялістамі Google.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула