БЕЛ Ł РУС

Археолаг Крывальцэвіч: У новых раскопках у Курапатах няма сэнсу

17.01.2013 / 9:43

«У Беларусі ніколі не растрэльвалі польскае насельніцтва, — заявіў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў адказ на пытаньне журналіста Польскага радыё. Журналіста цікавіла, ці можна правесьці ў Курапатах раскопкі, каб упэўніцца, ці пахаваныя там польскі афіцэры. — Плаціце грошы — правядзём раскопкі, дзе вы лічыце патрэбным, і адкажам на вашае пытаньне. Абыдземся бяз польскіх адмыслоўцаў. У нас хапае беларускіх. Мы да вас ня едзем раскопкі праводзіць, і вам ня трэба да нас ехаць. Нам смаленскай гісторыі хапіла».

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, які якраз браў удзел у раскопах у Курапатах, кажа, што асноўнае ўжо зразумела: «Ясна, хто страляў і калі стралялі. Гэта былі расстрэлы 30-х гадоў, якія рабілі органы НКУС. Іншая справа, што можа быць шмат усялякіх удакладненьняў — хто канкрэтна страляў, колькі расстралялі, каго і г. д. Нельга бясконца эксгумаваць магілы. Трэба іх пакінуць у спакоі. Гаворка мусіць ісьці пра тое, як ушаноўваць гэтае месца».

Адказ на пытаньне, хто забіты ў Курапатах, залежыць толькі ад жаданьня дзяржаўных органаў даць адмыслоўцам доступ у архівы, сьцьвярджае археоляг. Пакуль што яны гэтага не зрабілі. «Можа для кагосьці яны і адкрытыя, бо некаторыя дзяржаўныя асобы заяўляюць, што яны нібыта нешта ведаюць. Ва ўсялякім разе для спэцыялістаў у гэтай галіне, для дасьледчыкаў яны закрытыя».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула