Суд вынесе рашэнне наконт спісу невыязных
23 студзеня ў Маскоўскім судзе Мінска будзе агучанае рашэнне ў справе пазову старшыні юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйлы да шэрагу дзяржорганаў.
Праваабаронца патрабуе кампенсаваць яму маральную шкоду ў памеры 3 мільёнаў рублёў праз неправамернае ўключэнне яго ў спіс невыязных, а таксама вярнуць яму 300 тысяч дзяржпошліны.
Справа была разгледжаная 21 студзеня з удзелам прадстаўнікоў адказчыкаў — Міністэрства фінансаў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных справаў.
Паганяйлу быў забаронены выезд з краіны на падставе таго, што ён нібыта быў даўжніком ці зацікаўленай асобай адносна даўжніка ў справе аб банкруцтве. Яму спатрэбілася тры месяцы, каб дамагчыся выключэння з гэтага спісу. У МУС спаслаліся на тэхнічны збой.