БЕЛ Ł РУС

Нарадзіла сына для таты-героя

4.02.2013 / 10:9

Сяргей Макарэвіч

Каб убачыць немаўля, шчаслівы бацька прыехаў у радзільню на інвалідным вазку.

Павел і Ірына падчас вяселля.

Выратавальнік Павел Янушкевіч, што абварыўся падчас ліквідацыі прарыву трубаправода ў Гродне, стаў татам. «Мы з малым адчуваем сябе цудоўна. Нарадзіўся сынок 12 студзеня ў 18.40. Вага — 3,39 кг, — кажа жонка Ірына. — Паша хоча яго назваць Захарам».

Каб сустрэць маму з сынам, 21-гадовы выратавальнік прыехаў з бальніцы на інвалідным вазку. Ён яшчэ сам не ачуняў пасля снежаньскай трагедыі.

«Увечары 19 студзеня нас выпісалі. Паша надта хацеў сустрэць. Але я і спадзявацца перастала на гэта, бо нядаўна толькі ў яго была аперацыя. І вы не ўяўляеце, які быў прыемны сюрпрыз, калі я з дзіцём спусцілася ў залу выпіскі, а там сярод родных і блізкіх нас чакаў татка! Не ўяўляю, колькі ён прыклаў сілаў, каб сесці ў вазок, але яму гэта ўдалося» — кажа Ірына.

Павел Янушкевіч ужо больш месяца знаходзіцца ў бальніцы. Ён атрымаў апёкі пятай часткі цела, праваліўшыся ў яміну з кіпенем, — спяшаўся на енк дзіцяці.

«Паўлу зрабілі ўжо дзве аперацыі па перасадцы скуры. Ідзе на папраўку. Дадому моцна хоча, асабліва цяпер. Магчыма, праз пару тыдняў яго выпішуць» — спадзяецца жонка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула