Палонка ў возеры пад Чэлябінскам — усё ж ад метэарыту
Супрацоўнікі МНС Расіі каля палонкі на месцы меркаванага падзення фрагмента метэарыта на возеры Чэбаркуль. Фота Асашыэйтэд прэс.
Частата падзення астэроідаў і метэарытаў. Інфаграфіка газеты «
У Чэлябінскай вобласці працягваецца пошук фрагментаў метэарыта, што ўпаў 15 лютага. Падзенне аднаго з іх утварыла круглую палонку на возеры Чэбаркуль у Чэлябінскай вобласці. У возера выправілі брыгаду вадалазаў, якія шныпараць на дне. Дыяметр знойдзеных абломкаў складае ад 0,5 да аднаго сантыметра. Усе іх сабралі на лёдзе. Найбольшы ж фрагмент знаходзіцца недзе на дне.
Паводле ацэнак навукоўцаў НАСА, падзенне метэарыту памерам з Чэлябінскі здараецца раз на 100 гадоў.Падзенне нябеснага цела памерам з Тунгускі метэарыт — раз на 200–1000 гадоў. А вось катастрафічны ўдар у зямлю астэроіда тыпу таго, кратэр якога выяўлены на мексіканскім паўвостраве Юкатан — раз на 50–100 мільёнаў гадоў. Тое падзенне выклікала мегацунамі, глабальныя землятрусы і вывяржэнні вулканаў, масавыя лясныя пажары. Зямлю тады зацягнула сажай і пылам, што выклікала падзенне тэмпературы на многія гады.
Чэлябінскі метэарыт — другі ў гісторыі, пра падзенне якога навукоўцы атрымалі столькі дакументальных фактаў.
Усё часцей навукоўцы і дзяржаўныя дзеячы ставяць пытанне пра стварэнне сістэмы выяўлення небяспечных астэроідаў, а з часам і зброі, здольнай іх знішчаць на падлёце да Зямлі. Пакуль, аднак, навука на тое няздольная.
Нагадаем, метэарыт выбухнуў над Чэлябінскай вобласцю раніцай 15 лютага.
Магутнасць выбуху, які адбыўся пасля ўваходу метэарыта ў атмасферу, склала, паводле ацэнак NASA, ад 300 да 500 кілатон.Паводле тых самых ацэнак, дыяметр метэарыта складаў каля 17 метраў, а маса — прыкладна 10 тысяч тон. Метэарыт увайшоў у зямную атмасферу на хуткасці не менш за 64 000 кіламетраў за гадзіну і выбухнуў на вышыні ад 19 да 24 кіламетраў.