Экс-старшыня Жодзінскага гарвыканкама падазраецца ў незаконным выдзяленні зямельнага ўчастка
Упраўленне па расследаванні цяжкіх эканамічных злачынстваў (УРЦЭЗ) УУС Мінаблвыканкама перадало ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці матэрыялы аб супрацьпраўнай дзейнасці былога старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
У 2009 годзе, займаючы пасаду старшыні Жодзінскага гарвыканкама, падазраваны падпісаў рашэнне аб прадастаўленні сабе зямельнага ўчастка і перадачы яго ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў жодзінскім мікрараёне Лысая Гара па кадастравым кошце 4.976.920 рублёў.Праз год, ужо не працуючы на пасадзе старшыні гарвыканкама, ён прадаў названы ўчастак за 30.700.000 рублёў.
«Гэты грамадзянін, скарыстаўшыся службовым становішчам, з карыслівай зацікаўленасці, у парушэнне правоў грамадзян, якія стаяць на ўліку и маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не выконваючы парадак чарговасці выдзялення зямельных участкаў у горадзе Жодзіна, незаконна выдзеліў зямельны ўчастак у асабістае карыстанне», — паведаміў БелаПАН намеснік начальніка УРЦЭЗ УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Юрчанка.
Як высветлена аператыўнікамі,экс-чыноўніку было вядома, што ў адпаведнасці з перспектыўным планам забудовы зямельны ўчастак прызначаўся пад будаўніцтва аб’екта сацыяльнага прызначэння.
У дачыненні да былога старшыні Жодзінскага гарвыканкама Генпракуратурай распачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь, — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча.
Максімальнае пакараньне за названы склад злачынства — дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.