БЕЛ Ł РУС

Гутар падпісаў кантракт з мінскім «Дынама»

19.02.2013 / 21:04

Nashaniva.com

Па вяртанні з турэцкага збору 23-гадовы галкіпер Аляксандр Гутар 19 лютага афіцыйна аформіў адносіны з мінскім «Дынама». Кантракт з Гутарам разлічаны на тры гады,
паведамляе афіцыйны сайт сталічнага клуба.

У панядзелак Гутар адправіцца на заключны збор у Турцыю ужо ў якасці паўнапраўнага дынамаўца.

«Саша Гутар — гэта брамнік топ-класа, які неаднаразова даказваў свой узровень як у гульнях за клуб, так і за маладзёжную і алімпійскую зборныя нашай краіны. Да таго ж у яго ёсць досвед выступлення ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы,

— заявіў генеральны дырэктар «Дынама» Ігар Пугач. — Файна, што наш клуб цяпер мае двух высакакласных галкіпераў [маецца на ўвазе таксама Аляксандр Суліма — НН]. А значыць, у нас будзе сур’ёзная канкурэнцыя за месца ў складзе. Гэта вельмі важна, улічваючы, што ў надыходзячым сезоне мы спадзяёмся згуляць шмат матчаў — як у Беларусі, так і ў Еўропе. Таксама не варта забываць, што Гутар з’яўляецца выхаванцам СДЮШАР «Дынама», паведамляе БелаПАН.
Раней Гутар, які ў 2011 годзе прызнаваўся лепшым футбалістам краіны, са скандалам сышоў з барысаўскага БАТЭ, дзе, на яго думку, атрымліваў мала гульнёвай практыкі.

22 студзеня камітэт Беларускай федэрацыі футбола па статусу футбалістаў дазволіў Гутару пакінуць клуб з выплатай кампенсацыі ў 180 тыс. долараў ЗША. Варатар звярнуўся ў БФФ у сувязі з тым, што ў сезоне-2012 гуляў менш чым у 10% матчаў. Футбольны арбітраж БФФ на пасяджэнні 15 лютага не задаволіў апеляцыю БАТЭ на рашэнне камітэта. Барысаўскі клуб яшчэ ў студзені заявіў, што будзе звяртацца ў міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазане. Гутар, «парушыўшы адносіны з клубам, які выхаваў яго, сапсуе сабе кар’еру, бо ў найбліжэйшыя месяцы, а можа быць, і гады яго чакаюць пастаянныя разборы ў розных інстанцыях», гаварылася ў заяве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула