БЕЛ Ł РУС

Прадаецца выданне Мамонічаў 1591 года

20.03.2013 / 08:52

Руслан Равяка

На расійскім інтэрнэт-аўкцыёне прадаецца «Апостал», надрукаваны ў Вільні.

Адзін з чытачоў НН паведаміў, што на аўкцыёне «Малаток» выстаўленае на продаж першае выданне «Апостала» 1591 года. Кнігу надрукавалі ў Вільні браты Лукаш і Кузьма Мамонічы.

Стартавая цана кнігі — больш за 27 500 даляраў ЗША. За $51 500 можна набыць выданне опцыяй «купі адразу», не ўдзельнічаючы ў аўкцыёне.

У кнізе 273 аркушы. Як паведамляе прадавец, у «Апостале» няма першых старонак, дзе павінная быць старабеларускамоўная эпікграма «На гербы яснавяльможнага пана… Тэадора Скуміна», падпісаная «А. Р. Літвін». Яе насамрэч напісаў Андрэй Рымша — паэт-панегірыст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў старажытнай беларускай паэзіі другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Прадавец адзначае, што няма таксама і герба Скуміна, а таксама прысвячэння Мамонічаў Скуміну. Апошнія старонкі кнігі таксама адсутнічаюць.

Згодна з апісаннем лота, быццам бы вядома толькі 14 асобнікаў першага выдання «Апостала». Адзін з іх — у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Але па словах беларускіх гісторыкаў, у свеце такіх выданняў гуляе значна больш, а адзін таксама мае Полацкі музей кнігадрукавання.

На думку Андрэя Радкова, студэнта гістарычнага факультэта БДУ, цана кнігі неадэкватная. Сам Андрэй займаецца пошукам і вяртаннем у беларускія музеі і архівы беларускай спадчыны. Дзякуючы яму была выкупленая Ішкальдская метрычная кніга, праводзіўся збор сродкаў на выкуп Статута ВКЛ. «Апошнім часам цэны на старыя рэчы, звязаныя з Беларуссю, падскочылі, — кажа Андрэй. — Гэта нездаровая тэндэнцыя, разлічаная на дылетантаў. Мы маглі б зладзіць збор сродкаў і знайшлі б мецэната і на выкуп гэтай кнігі, але ёсць сапраўды вартыя рэчы, на якія трэба збіраць грошы». Паводле ацэнкі Радкова, красная цана «Апостала» Мамонічаў — не большая за 5000 даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула