Прэзідэнт Кіпра: Прычыны крызісу стануць прадметам крымінальнага расследавання
Найбліжэйшым часам урад Кіпра распарадзіцца пра пачатак крымінальнага расследавання для высвятлення прычын таго, што прывяло банкаўскую сістэму краіны на грань банкруцтва,
заявіў прэзідэнт рэспублікі Нікас Анастасіядзіс увечары ў панядзелак у тэлезвароце да нацыі.
У ноч з нядзелі на панядзелак ён дасягнуў пагаднення з Еўрасаюзам і МВФ пра параметры антыкрызіснага пакета для Кіпра, што забяспечыла прадстаўленне міжнароднымі крэдыторамі дапамогі астраўной дзяржаве ў аб’ёме 10 млрд еўра і дазволіла пазбегнуць дэфолту краіны.
«Нягледзячы на горыч і расчараванне, якія мы ўсе адчувалі праз пазіцыю некаторых нашых партнёраў, я не лічу, што выхад нашай краіны з еўрапейскай сям’і быў бы адказам на гэты крызіс».
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ЦБ Кіпра, на аснове ўжо прынятых парламентам законаў, з аўторка «ўводзіць некаторыя абмежавальныя меры» ў дачыненні да фінансавых аперацый. Аднак ён паспяшаўся запэўніць, што «гэта будуць часовыя меры, якія мы паступова паслабім».