БЕЛ Ł РУС

«ВКонтакте» з расійскімі спецслужбамі

28.03.2013 / 11:30

Расійская «Новая газета» надрукавала дакумент, паводле якога сацыяльная сетка «ВКонтакте» нібыта актыўна супрацоўнічала са спецслужбамі ў справе кантролю над палітычнай актыўнасцю сваіх удзельнікаў.

«Мы ўжо шмат гадоў супрацоўнічаем з ФСБ і аддзелам „К“ МУС, аператыўна выдаючы інфармацыю аб тысячах карыстальнікаў нашай сеткі ў выглядзе IP-адрасоў, нумароў мабільных тэлефонаў ды іншай інфармацыі, якая неабходная для іх ідэнтыфікацыі. Так мы дэананімізуем актыўнасць у сеціве, дазваляючы дзяржаўным службам раскрываць і прадухіляць злачынствы».

Гэта вытрымка з ліста, які ў снежні 2011 года нібыта накіраваў уладальнік «ВКонтакте» Павел Дураў тагачаснаму намесніку кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Расіі Вячаславу Суркову. Аўтар ліста запэўнівае высокага чыноўніка, што «ВКонтакте» будзе і далей «дапамагаць дзяржаўным службам перашкаджаць распаўсюду гвалту і хаосу». Што гаворка не толькі пра перадачу адрасоў сапраўдных злачынцаў паводле рашэнняў судоў, сведчаць разважанні аўтара пра вынікі магчымага блакавання групаў у сетцы «ВКонтакте». Аўтар мяркуе, што гэта прывядзе толькі да пераходу карыстальнікаў у амерыканскую сацыяльную сетку «Фэйсбук», але не сцішыць актыўнасць апазіцыянераў.

«У цяперашніх умовах я асабіста вяду PR-актыўнасць сярод сваёй аўдыторыі, спрабуючы дэманстраваць палітычную незалежнасць нашай пляцоўкі і сцішваючы паніку, якую сеюць апазіцыянеры, заклікаючы сыходзіць на «Фэйсбук», — цытуе газета. У канцы ліста аўтар прызнаецца ў сімпатыях да кіраўніцтва адміністрацыі прэзідэнта і прапануе далейшае «ўзаемадзеянне».

Кіраўнік прэсавай службы «ВКонтакте» Георгій Любушкін, які спаслаўся на Паўла Дурава, абверг сапраўднасць ліста ў «Новай газеце».

«Павел не пацвярджае аўтарства, прычым катэгарычна. Сказаў, што гэта суцэльная лухта»,
— заявіў Любушкін. Былы кіраўнік прэс-службы сеткі Уладзіслаў Цыплухін згадаў, што Вячаслаў Суркоў прыходзіў да іх у офіс і меў з Паўлам Дуравым размову, на якой «не прысутнічалі журналісты, але сустрэча не была сакрэтнай».

Паводле Цыплухіна, у снежні 2011 года Дураў, спасылаючыся на адсутнасць адпаведнага судовага рашэння, неаднаразова адмаўляўся блакаваць у сетцы групы мітынгоўцаў, чаго патрабавалі з адміністрацыі прэзідэнта Расіі.

Улетку 2011 года ў Беларусі рэгулярна праходзілі вулічныя пратэсты, якія атрымалі назву «маўклівых акцыяў», бо падчас іх людзі не выказвалі ніякіх патрабаванняў, а толькі збіраліся ў пэўных месцах і пляскалі ў ладкі. Арганізацыя акцыяў вялася праз сайт «ВКонтакте». Там узнікла група «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», адміністратарам якой быў Вячаслаў Дзіянаў. Пасля таго як міліцыя пачала масава затрымліваць удзельнікаў маўклівых акцыяў, а суды — караць іх адміністрацыйнымі арыштамі, пратэсты сцішыліся. Вячаслаў Дзіянаў мусіў з’ехаць з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымаў палітычны прытулак. 27 сакавіка я знайшоў яго праз мабільны тэлефон у Шчэціне.

Як Вячаслаў Дзіянаў каментуе падазрэнні, што «ВКонтакте» супрацоўнічае са спецслужбамі? Адміністратар групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» верыць у супрацоўніцтва ў абмежаваным фармаце: што адміністрацыя сеткі перадае кантакты карыстальнікаў на запыт суду ці паводле дадзеных Інтэрполу, але не «выдае» апазіцыянераў. Вось аргумент, які падае Вячаслаў Дзіянаў:

«Рэпутацыя сеткі вельмі важная яе ўласнікам. Бо калі карыстальнікі будуць ведаць, што іх дадзеныя могуць быць раскрытыя трэцім асобам, то даверу да сеткі не будзе. Таксама не будзе да яе даверу з боку вядомых фірмаў, кампаніяў, холдынгаў, якія прасоўваюць праз сетку свае вырабы. Непатрэбна гэта і інвестарам, якія не будуць укладацца ў няўстойлівы прадукт. Таму я мяркую, што гэта нявыгадна „ВКонтакте“, і тыя запэўніваюць, што іх не кантралююць спецслужбы. Зразумела, што спецслужбам у любой краіне свету важна кантраляваць інфармацыйныя плыні. Калі на Захадзе гэта барацьба з тэрарызмам, то ў нас гэта барацьба з апазіцыяй, як і ў Расіі. Спецслужбы ў нас засталіся тыя самыя. Але я веру словам Паўла Дурава, што „ВКонтакте“ не давала інфармацыі пра апазіцыянераў. І не таму, што Дураў такі апазіцыянер, а таму, што яму важна, каб у сацыяльнай сеткі была добрая рэпутацыя і каб яна развівалася».

Вячаслаў Дзіянаў не выключае, што за гісторыяй з лістом могуць стаяць эканамічныя канкурэнты сеткі «ВКонтакте». «Гэта можа быць выгадна „Фэйсбуку“, гэта можа быць выгадна „Одноклассникам“, хоць яны ўжо паміраюць», — мяркуе адміністратар групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» на сайце «ВКонтакте».

Што да беларускіх спецслужбаў, Вячаславу Дзіянаву невядома пра выпадкі, каб тыя звярталіся да адміністрацыі сеткі «ВКонтакте» па звесткі пра наведнікаў сеткі. Паводле Дзіянава, беларускія спецслужбы паклёпнічалі ў адміністрацыю «ВКонтакте» на групу «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», што нібыта тая занесла вірус ці ўзламала чыйсьці акаўнт.

Чым цяпер займаецца Вячаслаў Дзіянаў? Ці не жадае ён зноў праз інтэрнэт ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі?

«Мяркую, маўклівых акцыяў у былым фармаце ўжо не будзе. У мяне цяпер іншы кірунак дзейнасці, які я магу агучыць. Шукаю прыхільнікаў і рэсурс, на якім можна будзе ажыццявіць ідэю аб павелічэнні кола пратэставых адміністратараў, аб навучанні новых людзей таму, што нам вядома. А калі будзе дастатковая колькасць такіх людзей, тады можна будзе думаць і пра ўсё іншае».

Вячаслаў Дзіянаў не плануе ў найбліжэйшай будучыні вяртацца ў Беларусь. Паводле адміністратара групы, на яго ў спецслужбаў нарыхтаваны кампрамат, які грунтуецца на паклёпе і прыдумках.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула