БЕЛ Ł РУС

БАТЭ не хапіла 20 секунд

31.03.2013 / 18:23

Зміцер Панкавец

Цэнтральны матч тура апраўдаў чаканні. Чэмпіянат Беларусі пачаўся з эль-класіка (ці бульбакласіка, як называюць некаторыя) БАТЭ — «Дынама» (Мінск).

Не заіграў гімн

Гульня адбылася ў Жодзіне. Поле ў Барысаве не падрыхтавалі да пачатка сезона. Пачаўся матч з невялікага канфуза — не заіграў гімн. Ліхтаровіч і Вераціла без музычнага суправаджэння хуценька паднялі чырвона-зялёны сцяг, даўшы пачатак гонцы.

У БАТЭ ў асноўным складзе з’явіўся толькі адзін навічок (Гайдучык). У мінчукоў такіх было куды болей (Сычоў, Захіравіч, Курэля, Хвашчынскі, Кузьмянок, Гутар). Магчыма, гульцы яшчэ не маюць добрага ўзаемаразумення з партнёрамі.
Першы тайм прайшоў пры поўнай гульнявой і тэрытарыяльнай перавазе БАТЭ. Цудоўныя моманты ўпусцілі Радзівонаў і Бага, а Рудзік увогуле стрэліў у штангу. «Дынама» ў атыцы быў толькі ўдар Сычова «па вераб’ях».

Гол Глеба

Другі тайм пачаўся для БАТЭ прыемна. Першы гол пасля леташняга вяртання ў Беларусь забіў Аляксандр Глеб. Гэта стаў 50-ы выніковы ўдар, які паўабаронца здзейсніў за сваю кар'еру. Выдатны пас Глебу аддаў Віталь Радзівонаў. І галоўная зорка беларускага футбола злавіла на супрацьходзе Гутара — 1:0.
Пасля гэтага барысаўцы, як выглядала, адмыслова аддалі тэрыторыю «Дынама». Самі ж дзейнічалі на контратаках. Зрэшты, наперадзе ў каманды Пратасава мала што атрымлівалася можна згадаць хіба далёкі ўдар Хвашчынскага, які перавёў на вуглавы Гарбуноў.

Ужо ў кампенсаваны арбітрам час булітны выхад меў Павел Няхайчык, але замарудзіў з ударам, і «дынамаўская» абарона справілася. Фактычна ў наступнай атацы мінчукі вырвалі нічыю. Арцём Радзькоў няўдала вынес мяч з штрафной проста на нагу Віталю Трубіла, які біў нямоцна, але трапна — 1:1.

Адбылося гэта за дваццаць секунд да канца гульні. Барысаўцаў такі вынік хутчэй засмуціў, чым «дынамаўцаў». Чэмпіянат абяцае быць цікавым.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула