БЕЛ Ł РУС

Сайт магілёўскага аддзялення «Вясны» быў атакаваны хакерамі

3.04.2013 / 12:13

Сайт магілёўскага аддзялення ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://mahilyowspring.org) зазнаў хакерскую атаку.

З вечара 2 красавіка пасля пабочнага ўмяшання перастаў дзейнічаць пароль для ўваходу ў бэк-офіс сайта. Тым часам на сайце з’явіўся артыкул аўтарства нібыта мясцовага праваабаронцы Барыса Бухеля.

У артыкуле, несанкцыянавана размешчаным на галоўнай старонцы сайта, Бухель нібыта пагражае магілёўскаму журналісту Алесю Буракову судом за тое, што той «не саромеючыся, палівае брудам заслужаных людзей і палітычныя сілы вобласці», у прыватнасці грамадскага актывіста Аляксея Паўлоўскага. Пры гэтым сам праваабаронца расказвае пра тое, як ён у адзіночку і самаахвярна змагаецца за правы чалавека ў вобласці.

«Я не маю ніякага дачынення да гэтага артыкула. Нягледзячы на нашы з Бураковым спрэчкі па тых ці іншых пытаннях, мы з ім супрацоўнічаем, і ні ў які суд на яго я не збіраюся падаваць.
Ён журналіст і мае права на выказванне сваёй думкі. Артыкул мае яўна бээрэсэмаўскае адценне, прычым яго аўтар нават не змог правільна ўказаць маю грамадскую пасаду», — заявіў Барыс Бухель.
Як паведаміў прадстаўнік цэнтра «Вясна» Сяргей Сыс, гэтая хакерская атака, па ўсім відаць, мае магілёўскае паходжанне.
Хутчэй за ўсё, гэта зрабіў нехта з нядобразычліўцаў Барыса з-за яго грамадзянскай пазіцыі. Можа, ён камусьці з чыноўнікаў дарогу перайшоў», — кажа Сыс.
Ён зазначыў, што ў «Вясны» некалькі рэгіянальных сайтаў, і астатнія нармальна працуюць.
Што тычыцца магілёўскага сайта, то сёння з раніцы пачаўся разбор, як магло адбыцца несанкцыянаванае ўмяшанне ў яго працу. Сыс выказаў меркаванне, што на аднаўленне пароля для ўваходу ў бэк-офіс сайта і нармальнага функцыянавання вэб-старонкі спатрэбіцца каля двух сутак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула