БЕЛ Ł РУС

Арганізатар конкурса Belarus Press Photo Заміроўскі: Мы проста займаемся фатаграфіяй

5.04.2013 / 11:12

Гутарыў Кірыла Хілько

Вадзім Заміроўскі і Юлія Дарашкевіч

Учора стала вядома, што альбомы Belarus Press Photo 2011, канфіскаваныя на памежным пераходзе «Каменны лог» 12 лістапада 2012 года, хочуць прызнаць экстрэмісцкімі. «НН» звязалася з арганізатарам конкурса Belarus Press Photo Вадзімам Заміроўскім, каб даведацца пра падрабязнасці справы.

«НН»: На Вашу думку, чаму такое адбылася менавіта цяпер?

Вадзім Заміроўскі: Я не магу адказваць за дзеянні сілавых структураў, але відаць, яны сур’ёзна настроены на знішчэнне альбомаў.

«НН»: Як вы плануеце абараняцца ў судзе?

ВЗ: Я даведаўся аб прызнанні альбомаў экстрэмісцкімі толькі ўчора ўвечары, яшчэ не паспеў сабрацца з думкамі. Планую звярнуцца да юрыстаў і ў БАЖ.

«НН»: Як на гэты выпадак адрэагавалі калегі?

ВЗ: Якая можа быць рэакцыя… Калі казаць вельмі мякка — гэта дзіўна. Увесь наклад быў размытнены і свабодна прадаваўся. Прычым ён не проста прадаваўся, а прадаўся. Заставалося 40 апошніх альбомаў, якія вазілі на выставы і якія ўрэшце сканфіскавалі. Да таго ж, у конкурсе ўдзельнічалі фатографы як незалежных, так і дзяржаўных СМІ, а самі фотаздымкі публікаваліся ў перыядычных выданнях і з’яўляліся ў стужках інфармацыйных агенцтваў.

«НН»: Ці плануеце выдаваць наступны альбом?

ВЗ: Так, ёсць такія намеры.

«НН»: Ці існуе магчымасць, што цяперашняя сітуацыя паўплывае на лёс альбома і на сам конкурс?

ВЗ: Бясспрэчна існуе. Як мінімум, распаўсюд падобнай інфармацыі, які ніякім чынам нельга кантраляваць, можа стварыць стаўленне да фотаконкурса як да нечага палітычна ангажаванага і адпудзіць ад яго магчымых удзельнікаў. Але ж насамрэч гэта не так — мы займаемся фатаграфіяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула