У Мінску пасярэднік выманіў для следчых ДФР 100 тысяч даляраў
У Мінску затрыманы пасярэднік, які атрымаў 100 тысяч даляраў для спынення крымінальнай справы, заведзенай Дэпартаментам фінансавых расследаванняў (ДФР) КДК.
Галоўным Следчым упраўленнем Следчага камітэта ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Мінска, які вымагаў і атрымаў 100 тысяч долараў для наступнай перадачы службовым асобам праваахоўных органаў. Мужчыну інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.5 арт.16 і ч.2 арт.431 Крымінальнага кодэкса Беларусі (падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры).
Пачалося ўсё яшчэ ў 2011 годзе, калі ў дачыненні да досыць паспяховага прадпрымальніка Мінска па матэрыялах ДФР КДК была ўзбуджаная крымінальная справа па арт.233 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Падазраваны быў арыштаваны і змешчаны пад варту, а расследаванне крымінальнай справы перадалі ў Следчы камітэт.
Праз некаторы час на 66-гадовага бацьку арыштаванага прадпрымальніка выйшаў пасярэднік, які надзіва шмат ведаў пра справу сына. Жыхар Мінска заявіў, што можа вырашыць пытанне не толькі аб змяненні меры стрымання падазраванаму, але і аб поўным спыненні крымінальнага пераследу. Аднак для гэтага сяму-таму з тых, хто прымае рашэнне па гэтым пытанні трэба заплаціць. Кошт рашэння двух пытанняў быў абазначаны ў памеры 100 тысяч даляраў. Пазначаная сума была перададзена ў канцы 2011 года, пасля чаго пачалося доўгае рашэнне пытанняў. Так цягнулася больш за год, аднак абяцанага ад пасярэдніка бацька арыштаванага так і не дачакаў, што заахвоціла яго звярнуцца з адпаведнай заявай у Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. Пасля гэтага быў праведзены комплекс аператыўных мерапрыемстваў, які дазволіў вывесці вымагальніка хабару на чыстую ваду.
У цяперашні час Следчы камітэт праводзіць расследаванне крымінальнай справы па вымагальніцтве буйнога хабару для супрацоўнікаў праваахоўных органаў.