БЕЛ Ł РУС

Дэлегацыя Беларусі правяла перамовы на расійскім КамАЗе

17.05.2013 / 12:13

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам правяла 16 мая ў Набярэжных Чалнах (Расія) перамовы з расійскім КамАЗам. Перамовы вяліся ў закрытым рэжыме.

Як паведамляе прэс-служба КамАЗа, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» Віктар Асноўскі, першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Сяргей Пяткоў.

Сустракалі дэлегацыю гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін, дырэктар па развіцці Ірэк Гумераў, намеснік гендырэктара па закупках Рустам Шамсутдзінаў. З расійскага боку ў перамовах таксама бралі ўдзел віцэ-прэм’ер Татарстана Равіль Зарыпаў і прадстаўнік Мінпрамгандлю РФ Рэнат Мілкаманавічус.

Прадстаўнікі Беларусі наведалі завод рухавікоў і расійска-амерыканскае прадпрыемства «Камінз Кама», азнаёміліся з лініяй апрацоўкі блока цыліндраў. Затым госці агледзелі канвеер зборкі дызельных рухавікоў. На кавальскім заводзе дэлегацыя агледзела лініі апрацоўкі каленчатага вала і пярэдняй восі. Адбылася экскурсія па галоўным канвееры КамАЗа, наведванне Навукова-тэхнічнага цэнтра кампаніі, дзе быў выстаўлены ўвесь мадэльны рад камскіх велікагрузаў.

Перамовы вяліся ў закрытым рэжыме. Вядома толькі, што гаворка на іх ішла аб магчымым аб’яднанні двух гігантаў аўтапрама.

Нагадаем, падчас штогадовага паслання народу і парламенту 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне ў мэтазгоднасці такога аб’яднання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула