БЕЛ Ł РУС

У ЗША памёр пісьменнік-фантаст Джэк Вэнс

30.05.2013 / 11:17

У ЗША ва ўзросце 96 гадоў памёр пісьменнік-фантаст Джэк Вэнс. Як паведамляецца на сайце Вэнса, ён памёр вечарам у нядзелю, 26 мая, у сваім доме ў Каліфорніі.

«Шырокае прызнанне ён атрымаў як пісьменнік, — гаворыцца ў кароткім некралогу, — аднак сям'я і сябры таксама ведалі яго як шчодрага, велікадушнага, прамога, прыемнага, працавітага, аптымістычнага і сціплага чалавека, чыя дапытлівасць, пачуццё цудоўнага і шчырае жыццялюбства самі па сабе былі крыніцай натхнення».

Творчасць Вэнса класіфікуюць як навуковую фантастыку, але ён актыўна эксперыментаваў з жанрамі, у прыватнасці — з фэнтэзі і дэтэктывам.
Сярод яго самых вядомых прац — аповесці «Уладары драконаў», «Апошняя цытадэль» і цыкл «Ліянес». Работы пісьменніка ўдастоены шматлікіх узнагародаў.

Сваё першае апавяданне Вэнс апублікаваў ў 1945 годзе, пасля выпусціў больш за шэсцьдзесят кніг. Да гэтага ён працаваў будаўніком, кур'ерам, фабрычным рабочым, затым атрымаў адукацыю горнага інжынера, падчас Другой сусветнай вайны служыў у гандлёвым флоце. У 1980-х гадах Вэнс амаль цалкам пазбавіўся зроку, аднак працягваў пісаць з дапамогай камп'ютара.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула