БЕЛ Ł РУС

Ці рассылалі нумар кантрольнай для паступлення ў гімназіі праз смс? Мінадукацыі даказвае, што не

6.06.2013 / 05:29

Кірыла Хілько

5 чэрвеня дзеці, якія паступаюць у 5-ы клас гімназій, здавалі другі экзамен — матэматыку.

Раніцаю 5 чэрвеня на сайце газеты «Комсомольская правда» з’явілася паведамленне, што нумар кантрольнай па матэматыцы стаў вядомы загадзя і рассылаўся ў выглядзе СМС.

Справа ў тым, што пытанні для экзаменаў бяруцца са зборнікаў задач, якія ёсць у агульным доступе. Аднак з сотняў кантрольных выбіраецца адна, нумар якой невядомы да дня іспытаў. Сёння дзеці сапраўды рашалі кантрольную нумар 154, які нібыта і быў указаны ў смс.

Прэс-сакратарка Мінадукацыі Юлія Ваніна скептычна ставіцца да паведамлення аб выцеку інфармацыі.

«Канверты з заданнямі выдаюцца адказным асобам загадзя. Прычым на кожную вобласць ідзе вялікі канверт, у якім ляжаць канверты з заданнямі для кожнай асобнай гімназіі. Сёння раніцаю іх мусілі распячатаць прадстаўнікі экзаменацыйнай камісіі, каб спачатку перарашаць самім, а потым, а 11-й раніцы, аддаць экзаменаваным.

Паведамленне на сайце kp.by з’явілася прыкладна ў 9:55 — калі канверты ўжо павінны былі быць распячатаныя. Ёсць імавернасць, што нехта даведаўся пра нумар кантрольнай, але гэта адбылося тады, калі падобная інфармацыя наўрад ці дапаможа экзаменаванаму. Што тычыцца смс-рассылкі, пакуль няма ні пацверджання, ні абвяржэння дадзенай інфармацыі. Мы правядзём праверку. Аднак магу сказаць, што ні ўчора, ні сёння ніхто не звяртаўся ў Міністэрства адукацыі з паведамленнем пра тое, што яны даведаліся нумар кантрольнай загадзя», — паведаміла Ваніна.

Але журналістка Надзея Белахвосцік сцвярджае, што факт рассылкі паведамленняў з нумарам кантрольнай меў месца.

«Сама я даведалася пра будучы нумар кантрольнай сёння, а 9-й раніцы. Аднак людзі, якія паведамілі пра смс, атрымалі паведамленне яшчэ напярэдадні ўвечары. Яны сцвярджаюць, што атрымалі гэтае паведамленне абсалютна без ніякай прычыны.

А 11-й, калі непасрэдна пачаўся экзамен, пацвердзілася, што дзеці сапраўды пішуць кантрольную № 154. Да таго ж, мне расказалі, што ля адной з мінскіх гімназій бацькі стаялі са зборнікамі кантрольных па матэматыцы, адкрытымі на 154-й кантрольнай. Я думаю, што выцеа інфармацыі быў, і быў дастаткова маштабным. Аднак нават калі адзін чалавек даведаўся пра нумар кантрольнай загаддзя — гэта ўжо прэцэдэнт. Прычым гаварка ідзе пра маленькіх дзяцей. Навошта такое рабіць?» — пытаецца яна.

Ад Рэдакцыі: Просім адгукнуцца тых, каму прыйшло смс-паведамленне з нумарам кантрольнай па матэматыцы для паступлення ў 5 клас гімназіі. Калі ласка, пішыце ў каменты ці на nn@nn.by!

P. S. Ад Рэдактара. Дарэчы, мая дачка напісала экзаменацыйную кантрольную на 10, хоць ніякай эсэмэскі не атрымлівала. Кажа: «Легкатня была!»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула