БЕЛ Ł РУС

У Варшаве ствараецца Міжнародны беларускі архіў

8.06.2013 / 09:07

Польскі фонд «Цэнтр Карта» (Ośrodek Karta), якая займаецца зборам архіваў найноўшай гісторыі Польшчы і Ўсходняй Еўропы, распачынае беларускі праект.

Дырэктар фонда Збігнеў Глюза з гэтай нагоды заявіў, што «цяперашнія беларускія ўлады не толькі не падтрымліваюць працу, прысвечаную найноўшай гісторыі, але дзейнічаюць у кірунку яе фальшавання, таму цэнтр працаў дзеля зборнай памяці Беларусі павінен паўстаць за яе межамі».

Архіў будзе створаны цягам паўгода ў Варшаве. З цягам часу ён пачне дзейнічаць у многіх краінах — усюды, дзе супрацоўнічаць з ім захочуць людзі, звязаныя з Беларуссю. А пакуль што фундацыя запрашае да супрацоўніцтва беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Міжнародны беларускі архіў перадусім зоймецца ХХ ст, зазначае спадар Глюза: «Мы будзем збіраць пісьмовыя дакументы, успаміны і дзённікі, унікальныя публікацыі, фота, кіно, відэазапісы — пераважна па-беларуску, хоць з павагай будзем ставіцца і да іншых моваў. Калі-небудзь збор будзе перададзены ў Мінск, як толькі ён стане сталіцай дэмакратычнай краіны».

Першая сустрэча арганізатараў архіва з беларусамі, гатовымі да супрацоўніцтва, пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня ў Варшаве ў Доме сустрэч з гісторыяй (Dom Spotkań z Historią), Варшава, вуліца Нарбута, 29.

Ахвотных просяць адгукнуцца да 11 чэрвеня. Кантакт арганізатараў: Maciej Wyrwa, Ośrodek KARTA, 02-536 Warszawa, ul. Narbutta 29, tel.: (+48 22) 646-47-20, e-mail: mab@karta.org.pl.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула