Saudi Gazette: Расія дорага заплаціць за падтрымку Асада
Расіі давядзецца дорага заплаціць за падтрымку рэжыму «шалёнага лідара» Сірыі Башара Асада, піша The Saudi Gazette.
Як мяркуе аўтар нататкі, у першую чаргу дзеянні Масквы адаб’юцца на дзелавых адносінах з арабскім светам.
На думку аглядальніка, Расія працягвае палітыку СССР, аказваючы дапамогу дыктатарскаму рэжыму. Журналіст мяркуе, што расійскія ўлады перайшлі «любыя прымальныя» маральныя нормы і довады ў сваёй абароне і падтрымцы Асада. Масква палічыла за лепшае стаць на бок жорсткага рэжыму, які не прымае большасць сірыйцаў і арабаў, гаворыцца ў нататцы.
У выніку Расія шле арабскаму свету толькі адно пасланне — пасланне нянавісці і непавагі, заключае аўтар артыкула.
У сваю чаргу, сайт Al Monitor піша, што ЗША не павінныя ствараць яшчэ аднаго «монстра», узброеных сірыйскіх паўстанцаў, а павінныя знішчыць ужо наяўную «пачвару» (гэта значыць вайну ў Сірыі) дыпламатычнымі спосабамі.
У прыватнасці, на думку выдання, Вашынгтон мусіць адмовіцца ад сумненняў адносна ролі Ірана ў жэнеўскай канферэнцыі па Сірыі і далучыцца да Расіі і ААН. Як тлумачыць аўтар артыкула, не існуе іншай краіны, якая мае такі ж уплыў на Асада, як Іран.
Акрамя таго, ЗША павінныя ўзмацніць ціск на Катар і Саудаўскую Аравію, каб яны паўплывалі на сірыйскую апазіцыю і заклікалі яе спыніць агонь, адзначаецца ў артыкуле.