БЕЛ Ł РУС

44 беларускія дальнабойшчыкі апынуліся ва ўзбекскім «палоне»

11.06.2013 / 14:44

Больш за 40 беларускіх дальнабойшчыкаў апынуліся ва Узбекістане ледзь не ў палоне: груз яны даставілі яшчэ 20 траўня, але вярнуцца на радзіму не могуць да гэтага часу.

Увесь гэты час яны вымушаныя жыць у кабінах сваіх жа фураў. А тэмпература паветра ў паўднёвым мястэчку нават ноччу не падае ніжэй за 30 градусаў. Толькі да васьмі вечара там працуе прыбіральня. Тое, што наўрад ці можна назваць «душам», — па суседстве.

У такіх умовах, ды яшчэ ў самую спёку, беларусы жывуць ужо не першы тыдзень. 9 мая яны выехалі ва ўзбекскі Тэрмез, больш чым за 4 тысячы кіламетраў ад дома, на мяжы з Афганістанам. У пункт прызначэння прыбылі 20 мая. І далей — ні з месца.

Дзмітрый Кавалёў, дальнабойшчык, па тэлефоне з Тэрмеза (Узбекістан): «Жывем у машынах, тэмпература днём 45–48 градусаў, ноччу апускаецца ў найлепшым выпадку да 30. Мясцовай кухні страўнікі не вытрымліваюць. Свае прадукты, што былі, ужо скончыліся. Кормяць абяцаннямі, што вось-вось-вось пойдзе праца. Гэта першы раз такая сітуацыя, раней былі падобныя, але яны неяк вырашаліся больш-менш хутка».

Грошы эканомяць як могуць. Трэба тэлефанаваць дадому і пастаянна трымаць уключаным кандыцыянер. І падобныя сітуацыі сапраўды былі. Мінулай зімой беларускія дальнабойшчыкі затрымаліся ўсё ў тым жа Узбекістане. Праўда, праз непагадзь. Пустыня, што стала снежнай, тыдзень пратрымала пры трыццаціградусным марозе.

Розныя поры года — перавозчык адзін і той жа. Тое, што вызваліць беларусаў час, ды няпроста, перавозчык прызнае. Вось на стале 44 прозвішчы. Кажа, схема працы кіроўцы-міжнародніка ў гэтым праекце такая: прыбыць трэба ў Тэрмез, далей прычэп з грузам забіраюць у Афганістан. І як толькі з-за мяжы вяртаецца свабодны прычэп, дальнабойшчык яго забірае і выязджае дадому. Адсюль пытанне: чаму ўвесь гэты час пустыя прычэпы не выходзяць з Афганістана?

Віктар Прашковіч, дырэктар беларуска-балгарскага прадпрыемства міжнародных перавозак: «Нам складана, вядома, меркаваць пра прычыну прастою, таму што недзе гэта можа быць камерцыйнай тайнай нашага заказчыка. Але паводле інфармацыі не зусім афіцыйнай, ёсць праблема з мытнымі плацяжамі ў нашага заказчыка з Афганістанам. Усё спынена, мяжу ніхто не перасякае менавіта з гэтай прычыны».

Заказчык, дарэчы, — балгарскі бок. Што ён не падзяліў з афганскімі партнёрамі, даведацца наўрад ці магчыма. У дырэктара ці то выходны, ці то адпачынак. Сітуацыю ўскладняе і тое, што ў Афганістане няма беларускага дыппрадстаўніцтва. І нават па сумяшчальніцтве там ніхто не акрэдытаваны. А вось пасольства нашай краіны ва Узбекістане праблем не бачыць і пра нягоды землякоў-дальнабойшчыкаў не ведае. Але ўжо, здаецца, і пачынаць выратавальную аперацыю было б позна. Перавозчык паабяцаў заўтра пачаць выводзіць свае фуры дадому. Па пяць машын у парадку, у якім яны калісьці заязджалі ва Узбекістан. А яшчэ дальнабойшчыкам абяцалі дадатковыя камандзіровачныя, у тым ліку і за прастой. Калі гэта, вядома, зможа згладзіць уражанні ад зацягнутага ваяжу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула