БЕЛ Ł РУС

Чыкі-Пукі: Беларусь — Фінляндыя — 1:1

11.06.2013 / 22:06

Зміцер Панкавец

Каманда Георгія Кандрацьева зноў не змагла адолець Суомі.

Хацелася верыць, што параза ў Хельсінкі прыкрае непаразуменне. І вось у Гомелі ўжо ўсё стане на свае месцы. І з’едуць суровыя фіны ў сваю паўночную краіну з «баранкай». Тым больш беларусам так трэба былі пункты ў барацьбе за трэцяе месца ў адборачнай групе да чэмпіяната свету.

Пачатак матчу яшчэ больш абнадзеіў. Кандрацьеўцы шырока атакавалі, выкарыстоўвалі флангі (асабліва шчыраваў Калачоў), нават у створ брамы траплялі. Але бліжэй да сярэдзіны першага тайма футбол скаціўся ў панылую руціну, падобна той, што была ў Фінляндыі.

У адной з нешматлікіх контратак Цеему Пукі пакараў беларусаў. Ён ударыў у блізкі вугал, а такія галы прынята запісваць на сумленне галкіпераў. Што ж, Верамко сапраўды не выратаваў.
Атакі ў другім тайме былі схематычнымі і нецікавымі. Фіны без праблем адбіваліся. Вастрыні амаль не ўзнікала. Хіба што шалёны ўдар Трубіла прыйшоўся ў штангу.

Гол беларусаў нарадзіўся дзякуючы індывідуальнаму майстэрству. Цімох Калачоў — адзін з найлепшых дыспетчараў у расійскай Прэм’ер-лізе. Часцей за ўсё футбалісты «Растова» забіваюць галавой пасля яго вывераных навесаў. Гэтак здарылася і сёння.

Калачоў са штрафнога падаў, абаронца Верхаўцоў — забіў. Вынік — 1:1.

Шанцы беларусаў падняцца з апошняга месца ў групе мізэрныя: Іспанія — 11 пунктаў, Францыя — 10, Фінляндыя — 6, Грузія, Беларусь — па 4.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула