Судмэдэксперты Літвы: Раман Вайніцкі памёр ад удару токам
Супрацоўнік віленскай акруговай пракуратуры Роландас Імбрасас паведаміў парталу balsas.lt, што ў выніку экспертызы парэштак Рамана Вайніцкага выяўлена, што ён памёр ад удару электрычным токам.
«Цяпер разглядаюцца розныя версіі адносна таго, ці яго звязалі, ці ён сам сябе звязаў, бо ногі Р. Вайніцкага былі зьвязаныя вяроўкай, а рот заклеены скотчам. Я бачыў розныя вузлы, але хто і як звязаў, адкажуць эксперты», — заявіў пракурор. Паводле Імбрасаса, мяркуецца, што Вайніцкі звязаў сябе сам і, ўзяўшы аголеныя электрычныя драты, памёр ад удару току. Таму на целе былі знойдзеныя драпіны.
«Пакуль што гэта толькі версія. Магчыма, што Р. Вайніцкаму нехта дапамог забіць сябе. Гэта цяпер і расследуецца. Ніякіх падазраваных у нас пакуль што няма» — запэўніў ён.
Цела Вайніцкага у дзень яго знікнення на пачатку сакавіка знайшла жонка.Спусціўшыся ў падвал, яна ўбачыла звязанага мужа. Пазьней следства высветліла, што Вайніцкі заплаціў за кватэру амаль за год наперад і напісаў завяшчанне.
Мяркуецца, што беларускі грамадскі дзеяч, кіраўнік клуба «Сябрына», такім чынам хацеў дапамагчы сям’і, ведаючы, што яго падазраюць у фінансавых махінацыях.
Пакуль што праваахоўныя органы высвятляюць, якую фінансавую дапамогу з ЕС мог атрымліваць Вайніцкі, які працаваў у школе і кіраваў клубам.