БЕЛ Ł РУС

Парад 3 ліпеня расцягнецца на 1,5 км

19.06.2013 / 09:26

3 ліпеня ў парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Беларусі возьмуць удел больш як 3.000 ваеннаслужачых і звыш 150 адзінак баявой тэхнікі ў складзе 19 пешых разлікаў і 13 разлікаў сучаснай ваеннай тэхнікі.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

Традыцыйна парад войскаў адкрыюць сувораўцы. За імі перад трыбунамі пранясуць Сцяг Перамогі і штандарты 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія бралі ўдзел у Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Сярод удзельнікаў парада

— выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ваенна-тэхнічнага факультэта ў БНТУ; ваеннаслужачыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, 86-й і 85-й брыгад сувязі, 56-га, 60-га, 74-га асобных палкоў сувязі, зводнай роты ганаровай варты; зводны аркестр Узброеных сіл.

Перад глядацкімі трыбунамі пройдзе тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны, асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі Узброеных сіл.

Права прайсці першым у параднай калоне дадзена легендарнай тэхніцы часоў ВАВ — танкам Т-34, ІС-2, ІС-3, БТ-7 і самаходнай устаноўцы СУ-100.

У складзе разлікаў сучаснай вваеннай тэхнікі будуць танкі Т-72Б, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, самаходныя гаўбіцы 2С19 «Мста-С», РСЗО «БелГрад» і «Смерч», зенітныя ракетныя комплексы С-300ПС, С-300В і Тор-М2, ракетны комплекс «Кропка», аўтамабілі «Багатыр».

Агульная працягласць параднага разліку тэхнікі складае больш за 1.500 метраў.

Пасля праходжання механізаванай калоны жыхары і госці сталіцы ў небе над Мінскам змогуць убачыць асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны:
баявыя верталёты Мі-8, Мі-24, знішчальнікі МіГ-29, штурмавікі Су-25, ваенна-транспартны самалёт Іл-76, а таксама пілатажную групу «Белая Русь» на самалётах Л-39.
Нагадаем, што год таму. на наступны дзень пасля параду, адбыўся знакаміты плюшавы дэсант:
лёгкаматорны шведскі самалёт перасёк літоўска-беларускую мяжу і раскідаў над Івянцом і Мінскам некалькі сотняў плюшавых мядзведзікаў з заклікамі да свабоды слова ў Беларусі.

Гэта прывяло да вялікіх кадравых ператрусаў у беларускім войску, а фатограф Антон Сурапін, які першы сфатаграфаваў цацкі, і рыэлтар Сяргей Башарымаў, які здаваў кватэру шведскім грамадзянам, некалькі тыдняў правялі ў СІЗА КДБ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула