БЕЛ Ł РУС

Прэвентыўныя арышты напярэдадні прыезду Лукашэнкі

30.08.2007 / 09:09

Nashaniva.com

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс — за свабоду!» Яўген Сільвановіч быў 29 жніўня пакараны Ждановіцкім судом да 5 сутак арышту за тое, што нібыта нецэнзурна лаяўся ў двары ўласнага дому.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс — за свабоду!» з пасёлка Азярэц (Менскі раён) Яўген Сільвановіч быў сёння прысуджаны Ждановіцкім судом да 5 сутак арышту. Як паведаміла прэс‑цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Ірына Тоўсцік, актывіста затрымалі ўчора ўвечары супрацоўнікі Ждановіцкага РАУС.

Міліцыянты прыйшлі ў дом, дзе Яўген Сільвановіч пражывае разам з бацькамі. Перапісаўшы пашпартныя дадзеныя ўсіх жыхароў, яны заявілі, што маюць намер правесці ператрус. Аднак з прычыны таго, што супрацоўнікі міліцыі не мелі пры сабе ордэра, бацькі Сільвановіча не дазволілі ім гэтага зрабіць.

Міліцыянты сышлі. Аднак, калі моладзевы актывіст выйшаў з дому ў двор, яго затрымалі тыя самыя супрацоўнікі міліцыі, якія, як высветлілася, заселі побач у «засадзе».

У Ждановіцкім РУУС на актывіста склалі пратакол па звыклым для апазіцыі артыкулу — «дробнае хуліганства». Міліцыянты сцвярджалі, што Яўген Сільвановіч нібыта нецэнзурна лаяўся ў двары ўласнага дому.

Сам актывіст звязвае свой арышт з прыездам 1 верасня ў пасёлак Азярэц Аляксандра Лукашэнкі. У Дзень ведаў тут будзе адчыненая новая школа, і мясцовыя ўлады, мабыць, вырашылі падстрахавацца і ізаляваць актыўную моладзь.

Хартыя'97

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула