БЕЛ Ł РУС

Эколагі просяць пракуратуру праверыць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк

9.07.2013 / 14:28

Nashaniva.com

Дзве экалагічныя арганізацыі — таварыства «Зялёная сетка» і аб’яднанне «Экадом» — звярнуліся ў пракуратуру Мінскай вобласці з заявай аб праверцы законнасці дзяржаўных экспертыз праекта «Генеральны план Кітайска-беларускі індустрыяльны парк».

Як адзначаецца ў заяве, па генплане былі атрыманыя станоўчыя заключэнні дзяржаўных экспертыз, нягледзячы на шэраг зафіксаваных парушэнняў і неадпаведнасцяў заканадаўству.

У адпаведнасці з артыкулам 27 закона «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», эколагі просяць:

— праверыць законнасць працэдуры правядзення грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта «Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», у прыватнасці падвядзенне вынікаў і афармленне пратакола з улікам патрабаванняў заканадаўства;

— праверыць законнасць складання дзяржаўных экспертыз (санітарна-гігіенічнай, дзяржаўнай экалагічнай і дзяржаўнай экспертызы);

— у выпадку ўстанаўлення парушэнняў заканадаўства прыняць меры пракурорскага рэагавання.

«Пакуль заява будзе праходзіць па бюракратыі пракуратуры, дзяржустанова «Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», якая з’яўляецца замоўцам праекта, нягледзячы на шэраг выяўленых парушэнняў, працягвае дзейнічаць, а таксама Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт.

Сёння ўжо распачата працэдура грамадскага абмеркавання праекта «Дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», — паведамляюць эколагі.

ГА «Экадом» ініцыявала правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы праекта, якая выявіла шэраг парушэнняў і неадпаведнасцяў заканадаўства. Вынікі экспертызы былі прад’яўленыя адпаведным дзяржорганам, аднак, нягледзячы на гэта, генплан парку быў ухвалены трыма дзяржаўнымі экспертызамі і ў далейшым зацверджаны пастановай урада.

Паводле інфармацыі эколагаў, заключэнне дзяржаўнай экспертызы выдала РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза»; дзяржаўнай экалагічнай экспертызы — Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; санітарна-гігіенічнае заключэнне выдадзена ГУ «Смалявіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Варта таксама адзначыць, што з 9 па 23 ліпеня Смалявіцкі райвыканкам праводзіць грамадскія абмеркаванні праекта «Дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку».
У гэты перыяд матэрыялы праекта павінны быць размешчаныя на сайце: www.smolevichi.minsk-region.by.

На 24 ліпеня ў Смалявічах запланавана сустрэча арганізатараў і распрацоўшчыкаў плана з грамадскасцю.

***

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула