Кангрэс ЗША заблакаваў ваенную дапамогу сірыйскім паўстанцам
Камітэты па разведцы Сената і Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША адмовіліся ўзбройваць сірыйскую апазіцыю.
На закрытым паседжанні яны ўвялі строгія абмежаванні на фінансаванне такой дапамогі, заблакаваўшы гэтым папярэдняе рашэнне прэзідэнта Барака Абамы. Падставай для адмовы ў дапамозе сірыйскім паўстанцам стала «сакрэтная інфармацыя» і асцярогі, што зброя можа трапіць у рукі тэрарыстычных груп, паведамляе амерыканскае выданне The Hill.
Нягледзячы на тое, што падрабязнасці прынятага рашэння пакуль невядомыя, зразумела, што ў найбліжэйшы час паставак зброі сірыйскай апазіцыі з боку ЗША не будзе.