БЕЛ Ł РУС

«Белавія» прыпыніць рэйсы ў Егіпет у верасні

20.08.2013 / 12:28

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» сумесна з партнёрамі — замоўцамі чартарных перавозак пасажыраў прыняла рашэнне аб прыпыненні рэйсаў у Егіпет у верасні, што звязана з напружаным сацыяльна-палітычным становішчам у гэтай краіне.

«Да канца жніўня мы будзем выконваць галоўным чынам вывазныя рэйсы і забіраць пасажыраў, якія паляцелі ў Егіпет на працягу гэтага месяца і раней», — паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

Цяпер «Белавія» выконвае чартарныя рэйсы ў егіпецкія гарады Шарм-эль-Шэйх і Хургаду па замове аднаго з буйных турыстычных аператараў.

Раней Міністэрства спорту і турызму заклікала беларускія турыстычныя кампаніі прыпыніць адпраўку турыстаў у Егіпет і ў поўным аб’ёме вяртаць грошы тым, хто адмовіўся ад паездкі ў гэту краіну.

Нагадаем, сутыкненні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі прэзідэнта Егіпта Мухамеда Мурсі, якія пачаліся 26 чэрвеня, перараслі ў масавыя акцыі пратэсту. У выніку загінулі сотні чалавек, тысячы пацярпелі. У краіне на месяц уведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула