Як расіянін развёў сваіх беларускіх крэдытораў
Дырэктар прадпрыемства ў Навагрудку пракруціў кадравыя афёры больш чым на 4 мільярды рублёў.
Ілюстрацыйнае фота.
Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці. Афёры выявілі ў выніку праверкі дзейнасці сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое спецыялізуецца на нарыхтоўцы і продажы мяса быдла. Праверка паказала, што дырэктар таварыства, грамадзянін Расіі, прыкрываючы фінансавы стан прадпрыемства і наяўную крэдыторскую запазычанасць, свядома павялічыў неплацежаздольнасць прадпрыемства.
Ён неабгрунтавана ўвёў у штат дадатковыя пасады (першага намесніка дырэктара і намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях), прычым устанавіў ім завышаныя заработныя платы і бонусы (стымулюючыя выплаты). На пасады дырэктар прыняў патрэбных яму людзей, але ўжо праз чатыры месяцы звольніў іх з налічэннем выплат, сума якіх склала амаль Br470 млн. Гэтая сума была пасля спагнаная з таварыства ў поўным аб’ёме ў парадку выканаўчай вытворчасці.
Плён кадравай афёры дырэктару спадабаўся.
Праз год ён ізноў скарыстаўся знаёмай схемай.
Толькі на гэты раз яшчэ больш раздзьмуў бюракратычны апарат на прадпрыемстве.
Ён увёў у штат пасады намесніка дырэктара па інвестыцыях і развіцці, першага намесніка дырэктара, намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях, намесніка дырэктара па прававых пытаннях, намесніка дырэктара па фінансавых пытаннях і галоўнага інжынера. Ізноў прыняў на пасады патрэбных людзей, вызначыў ім неабгрунтавана высокія зарплаты і кампенсацыйныя выплаты і зноў праз тры месяцы правёў скарачэнне штатаў. Агульная сума кампенсацыйных выплат склала звыш Br3,8 млрд.
У выніку расследавання ўстаноўлена, што сваімі дзеяннямі дырэктар навагрудскага таварыства прычыніў шкоду крэдыторам ў аб’ёме больш як Br4,2 млрд. У сувязі з гэтым у дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага арт.240 ч.2 КК РБ (наўмысная эканамічная няздатнасць (банкруцтва).