БЕЛ Ł РУС

Агульнабеларуская каталіцкая сустрэча святароў пройдзе 15 лістапада

20.09.2013 / 09:24

Агульнабеларуская сустрэча святароў, прымеркаваная да завяршэння Года веры, пройдзе 15 лістапада ў мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Пра гэта падчас пастырскай сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Вілейцы паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як патлумачыў іерарх, для правядзення сустрэчы будзе распрацавана адмысловая праграма, над якой будзе працаваць асобная камісія, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі.

Ужо вядома, што адным з пунктаў праграмы стануць круглыя сталы з абмеркаваннем актуальных праблем, з якімі сутыкаецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі.

Напярэдадні агульнабеларускай сустрэчы святароў з 10 па 14 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ўпершыню адбудзецца фармацыйная сустрэча для святароў, якія сваё святарскае пасвячэнне атрымалі ў апошнія пяць гадоў.

Такія сустрэчы — для святароў з невялікім досведам душпастырства — плануецца зрабіць рэгулярнымі. Яны будуць праходзіць два разы на год ў Пінскай духоўнай семінарыі на працягу чатырох дзён — з панядзелка па пятніцу.

Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу, што такая ініцыятыва — гэта сумеснае рашэнне ардынарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай дыяцэзіі і Апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі.

«Прысутнасць святароў на такіх сустрэчах абавязковая — пробашчы не павінны адмаўляць сваім вікарыям у гэтых паездках», — зазначыў мітрапаліт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула