Лукашэнка: Вы крычыце, што цэны высокія. Гэта мы зарплату раздулі
Падчас наведвання Жодзіна, выступаючы перад рабочымі БелАЗа, Аляксандр Лукашэнка сёння звярнуў увагу на эканамічную сітуацыю.
Паводле яго слоў, калі сусветны крызіс скончыцца, Беларусь павінна выглядаць прыстойна: «У цяжкі час мы не спыняліся. Мы жывем з рэальнага сектара эканомікі, а не нафты і газу. І калі крызіс скончыцца, мы будзем выглядаць прыстойна…».
«Вы крычыце: цэны вельмі высокія. Я пачынаю прэсаваць: давайце зніжаць, - адзначыў ён. - Гэта значыць трымаем цэны на нізкім узроўні, а зарплату раздулі. Наступствы вы добра ведаеце.
Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе? Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце».
Паводле Лукашэнкі, на гэтыя пытанні неабходна глядзець шырэй.
«Для мяне галоўнае, калі ў чалавека вочы свецяцца, ён задаволены, яму добра жывецца. Нічога мне не трэба, толькі б было вам добра», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. -