БЕЛ Ł РУС

Алексіевіч нагадала немцам пра падзеі Плошчы 2010 года

14.10.2013 / 09:22

ria.ru

ria.ru

Беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч уручана Міжнародная прэмія міру нямецкіх кнігагандляроў за 2013 г. Цырымонія ўзнагароджання прайшла 13 кастрычніка, у апошні дзень працы Франкфурцкага кніжнага кірмашу.

Лаўрэатам прэміі, якая складае 25 тыс. еўра, Алексіевіч стала ў чэрвені. Яна аўтар вядомых твораў «У вайны не жаночы твар», «Чарнобыльская малітва», «Цынкавыя хлопчыкі». У 2013 годзе выйшла яе кніга «Час сэканд хэнд».

На цырымоніі ў царкве Святога Паўла пісьменніца выступіла з амаль паўгадзіннай прамовай, якая затым цалкам прагучала ў эфіры Нямецкага радыё.

Алексіевіч распавяла, як ствараліся найбольш вядомыя яе творы, выказала сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі і Расіі.

На яе думку, пасля адносна свабодных 1990-х гадоў актуальным стала тое, што, здавалася, ужо беззваротна сышло ў гісторыю: камуністычныя ідэі і пераслед за іншадумства.

«Мы думалі, што камунізм памёр, але гэтая хвароба — хранічная», — сказала Алексіевіч. Яна нагадала пра тысячы маладых людзей, якія выйшлі на вуліцы Мінска пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

На сустрэчы з журналістамі 11 кастрычніка ў рамках кніжнага кірмашу Алексіевіч заявіла, што любіць людзей, але не любіць гісторыю. Яна выказала сумнеў у хуткіх палітычных пераменах у Беларусі.

«Шлях да свабоды доўгі. Чалавек, які 40 гадоў пражыў у лагеры, можа жыць толькі ў лагеры»,

— перакананая пісьменніца, бацька якой да канца сваіх дзён быў перакананым камуністам.

Атрыманую прэмію 65-гадовая Алексіевіч мае намер выкарыстоўваць для далейшай працы.

Як паведамляе нямецкае інфармагенцтва ДПА, яна плануе распаўсюджваць свае кнігі «у рэгіёне, дзе Лукашэнка збіраецца будаваць атамную станцыю».

Прэмія міру — міжнародная ўзнагарода дзеячам літаратуры, навукі і мастацтва за ўклад у развіццё міру і ўзаемаразумення паміж народамі.

Заснаваная ў 1949 г. прэмія штогод уручаецца біржавым саюзам нямецкіх кнігагандляроў падчас Франкфурцкага кніжнага кірмашу. На цяперашняй цырымоніі прысутнічала каля тысячы чалавек, у тым ліку прэзідэнт бундэстага Норберт Лямерт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула