Урад прапануе абкласці кожны аўтамабіль падаткам 500 тысяч рублёў
дададзена
Гэта будзе пошліна за допуск аўтамабіля да дарожнага руху.
photo.bymedia.net
Палата прадстаўнікоў пачала разгляд праекта рэспубліканскага бюджэта на 2014. Сярод патрабаванняў МВФ і ЕўрАзЭС – бездэфіцытнасць гэтага дакумента.
Плануемыя выдаткі складаюць каля $22 мільярдаў. Напрыклад, толькі на абслугоўванне вонкавага дзяржаўнага доўга давядзецца аддаць больш за $1 мільярд.
Дацягнуць даходы да узроўню выдаткаў складана. Урад напланаваў атрымаць $2 мільярды ад прыватызацыі, а таксама прапанаваў некалькі незвычайных новаўвядзенняў.
Па-першае,
нарэшце сфармуляваныя палажэнні «падатка на дармаедаў», пра магчымасць увядзення якога казаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
У Беларусі пражывае каля 5,85 мільёна насельніцтва працаздольнага ўзросту – гэта падлікі па выніках апошняга перапісу. З іх у эканоміцы краіны занятыя 4,53 мільёна чалавек.
Астатнія нідзе не працуюць – гэта і афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя, і студэнты, і інваліды. Аднак сярод іх урад налічыў 445 тысяч чалавек, якія «фактычна паразітуюць на сацыяльнай палітыцы дзяржавы». Гэта цытата дзяржаўнай прапаганды.
І вось з гэтых людзей вырашана ўзяць грошы. Паводле словаў прадстаўніка міністэрства фінансаў Святланы Крэтавай,
прапануецца ўвесці штогадовы збор у памеры 20 базавых велічыняў. На сёння гэта 2,6 мільёна рублёў.
Калі б усе цяперашнія «дармаеды» заплацілі падатак, бюджэт мог быць атрымаць дадатковыя $125 мільёнаў. Зрэшты, нішто не перашкодзіць ім запісацца ў афіцыйныя беспрацоўныя, тым самым папсаваўшы статыстыку, і нават атрымліваць дзяржаўную дапамогу.
Другое плануемае новаўвядзенне закране яшчэ большую колькасць беларусаў.
Гэта будзе «пошліна за допуск аўтамабіля да дарожнага руху». З кожнага аўтамабіліста дзяржава хоча ўзяць па 3-5 базавых велічыняў на год – 390-650 тысяч рублёў.
Па словах прадстаўніка міністэрства фінансаў Алега Селіверстава, плацёж будзе разовым і сплачвацца як з грузавікоў, так і з легкавікоў.
На пачатак года ў краіне было зарэгістравана 3 818 тысяч транспартных сродкаў. Калі б уласнікі кожнага з іх сплацілі па 500 тысяч рублёў, дзяржава б атрымала каля $200 мільёнаў.